Польшча сёлета істотна скараціла колькасць візаў, выданых замежнікам. Пра гэта піша Rzeczpospolita са спасылкай на дадзеныя польскага МЗС.

У гэтым годзе ў перыяд з 1 студзеня да 14 чэрвеня было выдадзена 98211 працоўных візаў, пераважна беларусам (32 233), украінцам (47 257) і грузінам (3659). Для параўнання: годам раней такіх візаў было выдадзена 284 786. Асноўнымі атрымальнікамі былі грамадзяне Беларусі (114 598), Украіны (107 354) і Турцыі (8257).

Скарацілася і выдача гуманітарных візаў, якія атрымліваюць у тым ліку і беларусы. У мінулым годзе іх выдалі 4539, а ў гэтым годзе пакуль толькі 542. Паменшылася і колькасць шэнгенскіх турыстычных візаў  – з 105223 за ўвесь мінулы год да 40316 за першае паўгоддзе гэтага года.

Нагадаем, у студзені стала вядома, што Польшча спыняе праграму Poland. Business Harbour (РВН). Па ёй візы маглі атрымаць ІТ-спецыялісты. За час дзеяння праграмы Польшча выдала больш за 93 тысячы такіх віз. Але з верасня 2020 году па 20 лістапада 2023 году, па дадзеных пагранслужбы, у краіну па іх уехала толькі крыху больш за 13 тысяч чалавек, гэта значыць каля 15% атрымальнікаў. Большая частка тых, хто прыехаў па візах “PBH” – 12608 чалавек – гэта грамадзяне Беларусі.