фота ілюстрацыйнае

На беларуска-польскай мяжы дзеюць не мігранты, якія спрабуюць атрымаць прытулак у ЕЗ, а “орды бандытаў”. Пра гэта 26 чэрвеня заявіў у Сейме віцэ-прэм’ер — міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

Ён прадставіў у парламенце праект паправак да законаў, якія рэгулююць дзеянні арміі, паліцыі ды памежнай службы пры пагрозах дзяржаўнай бяспецы.

Касіняк-Камыш заявіў, што нелегалы “нападаюць на мяжу і спрабуюць атакаваць <…> польскіх салдатаў і афіцэраў”, яны “падрыхтаваныя і навучаныя гэтаму”. Гэтыя напады міністр ахарактарызаваў як найвышэйшы ровень гібрыднай вайны супраць Польшчы.

22 чэрвеня міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў што Варшава разглядае магчымасць закрыць усе памежныя пераходы з Беларуссю.

6 чэрвеня стала вядома пра смерць вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка. 28 траўня яго паранілі на мяжы з Беларуссю, рана аказалася смяротнай. Параніў памежніка адзін з мігрантаў, якія спрабавалі перабрацца праз мяжу.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Еўразвязу працягваецца з вясны 2021 года.