ваенкамат у Гародні

У Беларусі ў 2023 годзе за ўхіленне ад вайсковага прызыву засуджана ажно 266 чалавек. Пра гэта ў інтэрв’ю газеце “Рэспубліка” паведаміў суддзя Вярхоўнага суда Уладзімір Давыдаў. Паводле яго слоў, такіх спраў стала менш. Напрыклад, у 2016-м было засуджана 676 чалавек, у 2021-м — 313, у 2022-м — 375 чалавек.

Давыдаў мяркуе, што дапамагла прафілактыка — тыя ж паказальныя працэсы, на якія прыводзілі прызыўнікоў. Насамрэч проста тысячы патэнцыйных прызыўнікоў з’язджаюць з Беларусі.

Суды над “ухілістамі” праходзяць па ўсёй краіне. Некаторых караюць штрафамі ці адпраўляюць на грамадскія працы, іншых — у калоніі і на “хімію”. Але найбольш тых, якія ўцякаюць ад прызыву за мяжу і просяць там палітычнага прытулку.