
Па рашэнні гарадскіх дэпутатаў ва ўкраінскім Чарнігаве ўсталявалі памятную шыльду ў гонар Кастуся Каліноўскага, паведамляе чарнігаўскі партал 0462.ua.
Шыльду ўсталявалі на доме, у які трапіў снарад у пачатку сакавіка 2022 года падчас расейскага ўварвання на поўнач Украіны праз Беларусь.
Ініцыятарам усталявання мемарыяльнай дошкі выступіў дабрачынны фонд «Вільна Білорусь».
Вуліца, на якой ушанавалі памяць беларускага нацыянальнага героя, аднаго з кіраўнікоў вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў, раней насіла назву загінулага ў 1943 годзе на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці савецкага палкоўніка Сяргея Смірнова. Цяпер жа яна таксама мае імя Кастуся Каліноўскага, як і прылеглы завулак.
На мемарыяльнай шыльдзе ёсць цытата з Кастуся Каліноўскага на беларускай мове: «Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ ня будзе».
