
У красавіку-траўні палітвязня Алеся Бяляцкага вярнулі з памяшкання камернага тыпу горацкай калоніі ў атрад, але адміністрацыя калоніі па-ранейшаму ставіцца да палітвязня звыш-пільна, піша Радыё Свабода.
“Ведаем, што ён зноў ходзіць на працу, на дрэваапрацоўку. Бывае, што на яго накладаюць спагнанні, пазбавілі перадач, бываюць і больш сур’ёзныя пакаранні – неяк сядзеў у ШІЗА. Увага да яго пасля вяртання з ПКТ не стала слабейшай,” – паведаміла крыніца.
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў зняволення. Палітвязень адбывае пакаранне ў калоніі № 9 у Горках. Ёсць звесткі, што Алесь Бяляцкі не атрымлівае карэспандэнцыі ад сваякоў і сяброў і што ніводнага разу ў палітвязня не было відэазванкоў са сваякамі. Пра стан здароўя Бяляцкага новай інфармацыі няма.
