Рыгор Кастусёў быў за кратамі з 12 красавіка 2021 года.

67-гадовага палітвязня асудзілі ў 2022-м да 10 гадоў калоніі па справе аб «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Разам з ім па справе праходзілі Аляксандр Фядута, Юрый Зянковіч, Дзяніс Краўчук і Вольга Галубовіч.

3 ліпеня 2024 года Кастусёва выпусцілі з гарадзенскай турмы. Яго зяць у сацсетках напісаў: «Дзякуй Богу!!!»

Здароўе палітвязня ў няволі моцна пагоршылася. За кратамі ў Кастусёва выявілі анкалогію. У красавіку 2024-га яму зрабілі аперацыю па вывядзенні катэтара з мачавіка.

Учора, 2 ліпеня, Лукашэнка анансаваў, што на волю выйдзе некалькі цяжкахворых палітвязняў, у першую чаргу — з анкалогіяй.