Праваслаўны святар Георгій Рой публічна адказаў сваім “суддзям” з Гарадзенскай епархіі. Напомнім, што тыя надумаліся зладзіць у Гародні царкоўны суд над былым настаяцелем галоўнага Пакроўскага сабору гораду. А таксама Георгій Рой патлумачыў, чаму ён выйшаў з РПЦ і з пад яе юрысдыкцыі.

Айцец Георгій Рой піша наступнае:

Па сутнасці справы магу сказаць наступнае. Паседжанне епархіяльнага суда Гродзенскай епархіі адносна накладзеных на мяне кананічных забарон з’яўляецца кананічным нонсэнсам па той прычыне, што я не ёсць клірыкам Гродзенскай епархіі РПЦ і ўвогуле не з’яўляюся клірыкам Маскоўскага патрыярхату. 06.04.2023 згодна паданаму мною прашэнню на імя Яго Усесвятасці Усяленскага Патрыярха Варфаламея я быў прыняты ў склад кліру Усяленскага патрыярхату.

Напамінаю чальцам епархіяльнага суду Гродзенскай епархіі, што Усяленскі Патрыярх згодна правам Усяленскага Прастолу, зафіксаваным у тлумачэннях Патрыярха Антыяхійскага Фёдара Вальсамона на 17 і 18 каноны Трульскага Сабору і на 10 канон Сёмага Усяленскага Сабору, а таксама абапіраючыся на свяшчэнную гістарычную практыку Царквы, мае права прымаць клірыкаў іншых Памесных цэркваў без адпускных грамат іх епархіяльных архіерэяў. На момант падачы мною прашэння аб прыняцці ў клір Усяленскага патрыярхату я не знаходзіўся пад кананічнымі пакараннямі майго былога епархільнага архіерэя і перашоў ў склад Канстантынопальскай царквы у статусе незабароненага ў служэнні клірыка і не знаходзіўся пад якім-кольвек царкоўным судом.

Такім чынам, епархіяльны суд Гродзенскай епархіі не мае аніякіх кананічных паўнамоцтваў судзіць клірыкаў іншых епархій, а тым болей клірыкаў іншых Патрыярхатаў. Усе магчымыя судовыя працэдуры епархіяльнага суду Гродзенскай епархіі ў дачыненні да мяне па самой сваёй сутнасці не могуць мець аніякага кананічнага значэння і наступстваў.

(Прыкладаецца: грамата Яго Усясвятасці Патрыярха Варфаламея пра прыняцце мяне ў клір Усяленскага Патрыярхата за яго ўласнаручным подпісам.)

Адносна матываў майго пераходу у склад Усяленскага Патрыярхату магу сказаць наступнае.

Я катэгарычна не згодны з пазіцыяй Патрыярха Маскоўскага Кірыла, шэрагу архіерэяў, у тым ліку і архіепіскапа Гродзенскага Антонія, а таксама многіх прадстаўнікоў святарства і шырокіх колаў публічных асоб Рускай царквы, якія дабраслаўляюць і апраўдваюць злачынную вайну Расійскай Фед’рацыі супраць Украіны і украінскага народу. Лічу гэта відавочным адступленнем ад Евангельскай чысціні і скажэннем параваслаўнай веры. Патрыярх Кірыл, адступаючы ад Божых запаветаў, паставіў Рускую царкву ва ўслужэнне сучаснай агрэсіўнай ідэалогіі расійскай дзяржавы і яе нацыяналістычна-імперскім памкненням.

Я катэгарычна не згодны з пазіцыяй мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна і Сіноду Беларускай царквы, якія выказваюць поўную падтрымку дыктатарскаму рэжыму ў Беларусі і закрываюць вочы на пакуты, здзекі і катаванні тысяч і тысяч нявінных суграмадзян, імем Хрыстовым прыкрываючы ілжу, гвалт і нясправядлівасць.

Я катэгарычна не згодны з дэспатычным і крывадушным стылем кіравання Гродзенскай епархіяй з боку яе цяперашняга архіерэя – архіепіскапа Антонія (Дароніна), антыцаркоўны прыклад дзейнасці якога ў значнай меры пераканаў мяне змяніць царкоўную юрысдыкцыю.

З павагаю,

святар Літоўскага Экзархату Усяленскага Патрыярхату

Георгій Рой