
Беларускі педагог, журналіст, краязнавец Аляксандр Каранеўскі нарадзіўся 5 ліпеня 1939 году ў вёсцы Мілушава (Наваградскі раён). Бальшыня яго жыцця звязаная з Ашмянскім краем. Ён быў галоўным укладальнікам кнігі “Памяць. Ашмянскі раён”.
Пасля заканчэння сярэдняй школы Каранеўскі паступіў у Рыжскае мараходнае вучылішча, працаваў на рыбалавецкіх суднах. Пасля службы ў арміі паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на гістарычны факультэт, вучыўся спачатку на стацыянары, потым завочна. Пасля працы ў Даргунскай васьмігодцы Гарадзенскага раёна, дзе ён выкладаў гісторыю і геаграфію, пераехаў у Ашмяны.
З 1967 г. па 1980 г. працаваў дырэктарам краязнаўчага музея імя Ф.Багушэвіча. Аляксандр Рыгоравіч шмат сіл аддаваў збору прадметаў, гістарычных дакументаў, звязваўся з многімі архівамі і нястомна шукаў дадатковыя звесткі пра Ашмяншчыну і яе людзей. Вынік гэтых пошукаў – шматлікія артыкулы ў раённай газеце, для якой ён становіцца пастаянным і надзейным аўтарам. У 1980 г. перайшоў на пастаянную работу ў рэдакцыю раённай газеты «Красное знамя», спачатку адказным сакратаром, потым намеснікам рэдактара.
У другой палове 1990 г. цалком аддаўся працы над кнігай “Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ашмянскага раёна”, прызначаны яе галоўным укладальнікам. На жаль, кніга пабачыла свет ужо пасля смерці аўтара. Памёр Аляксандр Каранеўскі 16 траўня 2003 году.
