Абмежаванні на вываз тавараў з краін Еўразвязу, якія раней дзеілі толькі для юрыдычных асобаў, цяпер сталі дзеіць і для фізічных. Так у афіцыйным адказе сайту “Зеркало” патлумачыў прэс-сакратар Люблінскага аддзела Нацыянальнай падатковай адмністрацыі Польшчы Міхал Дзерусь (мытная служба ўваходзіць у склад падатковай адміністрацыі).

Паводле яго, мытнікі абавязаныя кантраляваць перамяшчэнне праз польскую мяжу тавараў, якія трапляюць пад санкцыі ЕЗ, уведзеныя супраць Масквы і Менску. Мытнікі абапіраюцца на законы Польшчы і “санкцыйныя” рэгламенты ЕЗ. Як падкрэслвіае Дзерусь 29 чэрвеня набыў моц новы рэгламент ЕС №2024/1865, які забараняе ня толькі юрыдычным асобам, але і звычайным грамадзянам вываз тавараў з тэрыторыі ЕЗ.

“Дакумент пашырыў колькасць суб’ектаў, да якіх павінны прымяняцца змененыя палажэнні. Гэта азначае, што пад дзеянне забаронных нормаў на імпарт і экспарт таксама падпадаюць фізічныя асобы, якія перамяшчаюць тавары, набытыя ў розніцу”, — тлумачыць польскі чыноўнік.

У мытнай службе не паведамілі, як доўга будуць дзеіць гэтыя абмежаванні.

Як расказвала Еўрарадыё, 4 ліпеня беларусы сутыкнуліся з рэзкімі абмежаваннямі на вываз разнастайных тавараў з Польшчы. Паведамленні пра гэта сталі з’яўляцца ў чатах. Поўны спіс забароненых для вывазу тавараў складае соткі найменняў і ўключае ў сябе некаторыя морапрадукты (ракападобных і ікру), хімічныя рэчывы, сродкі гігіены (пену для галення, мыла, дэзадаранты, парфуму ды інш.), будаўнічыя матэрыялы, туалетную паперу, жаночую вопратку і кожны абутак з падэшвай з гумы, пластмасы, скуры, каштоўныя камяні, а таксама разнастайную тэхніку.