
Былы славуты гандбаліст мінскага СКА ў ягоныя зорныя часы Андрэй Барбашынскі, які ў 2020 годзе стаў даверанай асобай Лукашэнкі падчас прэзідэнцкіх выбараў і пасля неаднаразова выказваўся ў падтрымку дзейнага рэжыму, расказаў у інтэрв’ю Sb.by, што страціў свой бізнэс у Гродне, якім займаўся апошні дзясятак гадоў.
Яшчэ ў лютым бягучага году для Барбашынскага быў ясны сігнал, калі яго не зарэгістравалі на так званых “выбарах” у Гарадзенскі абласны савет і нечакана “асірацела” Ашмянская выбарчая акруга №28.
І гэта пры тым, што Барбашынскі – зацяты прыхільнік Лукашэнкі і неаднаразова выступаў у яго падтрымку, хвалячы палітычны курс Рэспублікі Беларусь. Вось як выказваўся Барбашынскі пра Лукашэнку ў красавіку 2023 году: “Он абсолютно прав. Таких президентов, личностей, глыб на сегодняшний день очень мало”. Яшчэ раней Барбашынскі, які ёсць намеснікам старшыні Беларускай федэрацыі гандболу і паспяхова займаецца бізнесам, казаў, што, калі спатрэбіцца, гатовы ўзяць у рукі аўтамат і стаць плячом да пляча Лукашэнкі. У 2020 годзе Барбашынскі быў даверанай асобай Лукашэнкі.
У Барбашынскага спыталіся, чаму ён не так даўно пераехаў з Гародні назад у Менск, у адказ на што ён расказаў гісторыю пра распад бізнэсу, які паспяхова шмат гадоў вёў з нямецкімі партнёрамі. На гэта, паводле яго слоў, паўплывалі санкцыі.
У беларуска-нямецкай кампаніі «Белабедзінг», якую ў свой час запусцілі ў свабоднай эканамічнай зоне «Гродна», Барбашынскі быў дырэктарам, і развівалася прадпрыемства, як ён сцвярджае, паспяхова: калі спачатку ў ім працавалі 27 чалавек, то пасля штаты разрасліся да 230.
Пасля ж увядзення санкцый усё гэта рухнула, і Барбашынскі на сваіх былых партнёраў пакрыўджаны:
«Еўрапейцы, называючы рэчы сваімі імёнамі, нас кінулі. Усё да агіднасці проста: у адзін цудоўны дзень па загадзе кіраўніцтва галаўнога прадпрыемства мяне не пусцілі на парог фабрыкі, у развіццё якой уклаў велізарную колькасць сіл, часу і душу. На парог выйшаў нейкі мужык і заявіў, што ўпершыню мяне бачыць і ведаць не ведае».
Відавочна, што Барбашынскі нешта не дагаворвае, але яго гісторыя паказальная для нашага часу.
