
Некаторыя палітзняволеныя адмовіліся выходзіць на волю 3 ліпеня, яны не пагадзіліся з умовамі вызвалення. Пра гэта стала вядома праваабаронцам.
Адмова можа быць звязаная з неабходнасцю пісаць прашэнне на імя Лукашэнкі, мяркуюць праваабаронцы. Гэта прадугледжваецца працэдурай амністыі. Замест “адмоўнікаў” была прапанова вызваліць іншых палітзняволеных. Таксама стала вядома, што часам працэдура вызвалення праходзіла вельмі хутка — некаторым зняволеным нават не дазволілі забраць свае рэчы.
Праваабаронцам вядома пра 18 палітзняволеных, якія выйшлі на волю 3 ліпеня. Сярод іх 4 жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку палітык Рыгор Кастусёў, які пакутуе на анкалогію. Паводле сабраных звестак на 8 ліпеня, у Беларусі застаюцца мінімум 1423 палітзняволеных.
