
Прыбудоўку савецкага часу да гарадзенскага Дома афіцэраў, дзе раней размяшчалася канцэртавая заля, поўнасцю зруйнуюць. На яе месцы створаць паркоўку для аўтамабіляў.
Некалькі тыдняў таму пачалася рэканструкцыя гістарычнага будынку на вуліцы Ажэшкі, 30. Зараз руйнуюць былую канцэртную залу, якая была пабудавана ў 1973 годзе і змяшчала 800 гледачоў, — яшчэ да продажу яна была прызнана аварыйнай. Работы выконвае берасцейская будаўнічая кампанія «Палессежылбуд», якая купіла будынак вясной мінулага году ўсяго за адну базавую. На месцы прыбудовы зробяць паркоўку, распавялі ў фірме.
Будынак памяняе сваё прызначэнне. Калі раней яно было спецыялізаванае культурна-асветніцкае і відовішчнае, то пасля рэканструкцыі стане шматфункцыянальным. Памяшканні будуць здаваць у арэнду пад офісы.
Завяршыць работы плануюць да вясны 2026 году.

