
Пасля працяглага перапынку Дзяніс Івашын патэлефанаваў жонцы.
Вольга Івашына расказала наступнае: “На жаль, праз тэхнічныя праблемы, мы зь ім мелі ўсяго 3.5 хвіліны размовы, што ў 4 разы меней, чым дазволена і звычайна адбываецца. За гэты час мы не пасьпелі практычна нічога. Я не змагла запытацца, ці будзе другое тэлефанаваньне ў гэтым месяцы, калі ў мінулым не было ніводнага. Мы абмяняліся навінамі, а Дзяніс запэўніў, што зь ім усё ў парадку. Запэўніў нас, каб мы не хваляваліся за яго”.
Напомнім, што гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году і ў жніўні 2022 году засудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 150 базавых велічынь (4800 рублёў) па ч. 1 арт. 356 «Здрада дзяржаве» і ч. 1 арт. 179 КК «Незаконнае збіранне альбо распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці». Дзяніс Івашын рэдагаваў беларускую версію выдання Infornapalm і пісаў расследованні для «Новага часу». Ён знайшоў дзесяць “беркутаўцаў”, якія з Украіны пераехалі ў Беларусь і пачалі працаваць у міліцыі.
Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналіста перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна. Зняволенне Івашын адбывае зараз ў турме №8, адной з сама жорсткіх у сістэме цяперашняга рэжыму.
