
Палітвязень Алесь Бяляцкі – старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, асуджаны да 10 гадоў зняволення. Затрыманы ён быў разам са сваім намеснікам Валянцінам Стэфановічам і юрыстам «Вясны» Уладзімірам Лабковічам 14 ліпеня 2021 года.
Пра Алеся Бяляцкага – стваральніка «Вясны» і бяззменнага яе кіраўніка Беларускае Радыё Рацыя з паплечніцай Алеся Бяляцкага Аленай Лапцёнак:
РР: Сёння тры гады, як старшыня праваабарончага цэнтру „Вясна“, лаўрэат нобэлеўскай прэміі, Алесь Бяляцкі перабывае ў лукашэнкаўскай вязніцы. Ці адчуваеце ягоную адсутнасць гэтыя гады?
– Безумоўна і адназначна, тры гады, што гэтым разам адседзіў Алесь абсалютна не такія, як тыя тры гады, калі ён быў у зняволенні першы раз. Тады былі мажлівыя ліставанне, камунікацыя. І насамрэч усе сябры заставаліся такой адзінай камандай. Безумоўна, на гэтым этапе, калі няма абсалютна ніякай інфармацыі пра Алеся, пра Валіка, пра Уладзя, пра іншых палітвязняў, Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка. Вельмі цяжка проста псіхалагічна. Бо ты разумееш, што трэба штосьці рабіць дзеля іх, за іх. І сітуацыя такая, што не маем даць рады. Бо, калі казаць пра Алеся, чалавек такой годнасці, такога сапраўды таленавітага кіраўніка, чалавека, што ўмеў з усімі размаўляць, мог вырашыць любыя пытанні, праблемы. Безумоўна, калі людзі, нават у сям’і людзі жывуць, бывае, што сварацца, непаразуменні нейкія часам здараюцца – так і ў любым калектыве. Пры ўсім, пры гэтым, Алесь не крыўдзячы нікога, мог у такіх сітуацыях разабрацца.
РР: Ці вядома нешта калегам і сябрам пра ўтрыманне Алеся ў папраўчай калоніі нумар 9?
– Інфармацыі абсалютна няма ніякай. І гэта якраз ідзе ў тым ключы, як цяпер многія знакавыя палітвязні ў рэжыме інкамунікада, а нават тыя, хто дасылае лісты, паштоўкі, безумоўна, сваякі не вельмі хочуць цяпер дзяліцца, бо яны разумеюць, што гэта можа нанесці толькі шкоду. Насамрэч вядома толькі, што ў Алеся здароўе не лепшае, то бок, ён калі яшчэ ў СІЗА быў, пачаў падаць зрок. Гэта практычна ўва ўсіх, бо там такое асвятленне, не хапае прагулак, можа быць нейкіх вітамінаў і так далей. І плюс век адназначна. А цяпер, калі чалавек, я вось не ведаю, Алесь ці працуе, ці не, тады ён у Бабруйскай калоніі працаваў на шыцці, ён гэта апісваў. Ён 6 месяцаў быў у ПКТ і там яны адназначна працавалі. Як цяпер у атрадзе – сказаць цяжка. Былі спадзевы, што ўсё ж такі можа быць хоць Алесь ці Валянцін, Уладзь ёсць у гуманітарным спісе палітвязняў – тыя, у каго вельмі кепскі стан здароўя. Спадзяваліся, што калі тыя пачнуць выходзіць людзі, хаця б чалавек сто, гэта значыць, ужо дае нейкую надзею. Мы бачым, што гэтага не адбылося, таму прагнозы, безумоўна, несуцяшальныя наконт гэтага. Будзем спадзявацца, што арганізм чалавека ў такіх стрэсавых умовах мабілізуецца і дае выстаяць. Іншая справа, што ў многіх пачынаецца рэгрэс пасля вызвалення. Калі там ён згрупаваўся, а выходзячы, усё дае пра сябе знаць, усё перажытае, усе балячкі і гэтак далей.
Беларускае Радыё Рацыя
