14 ліпеня – роўна тры гады з часу затрымання і адпаведна зняволення трох вядомых праваабаронцаў “Вясны” – Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча.

Іх калегі і сябры па праваабарончым руху выказваюцца з нагоды гэтай даты.

Алена Лапцёнак: Тры гады зняволення маіх сяброў і калег – чаканне і спадзяванні, перажыванні за іх здароўе і боль за цяжкое выпрабаванне турмой, за маральныя і фізічныя пакуты, за скрадзеныя магчымасці і незваротны час; за іх сем’і, дзяцей, пазбаўленых любячага і клапатлівага бацькі. Яны не адны, каго напаткаў гэткі лёс, амаль паўтары тысячы годных беларусаў працягваюць згаходзіцца за калючым дротам і высокімі бетоннымі сценамі толькі за тое, што маюць сваё, іншае ад афіцыйнага курса, меркаванне. І нават рэабілітацыя і кампенсацыя ў будучым не верне нікому гэтых страчаных гадоў. Тым не менш сумленне і годнасць, прынцыповасць, вернасць перакананням – гэтымі якасцямі можна толькі ганарыцца. Нашы зямныя ўчынкі і ёсць той набытак, які кожны пакіне па сабе. Я веру, у хуткім часе змагу абняць дарагіх Алеся, Валянціна, Уладзя, а таксама іншых калег і знаёмых.

Алена Лапцёнак

Алесь Капуцкі напісаў у сваім акаўнце фэйсбуку наступнае: “Сёньня сумная дата – трэцяя гадавіна ўвязьненя маіх калег па праваабарончым цэху, а таксама сяброў, сярод якіх ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. З Алесем знаёмы яшчэ з канца 80-х, часоў Канфэдэрацыі беларускіх суполак, часоў пачатку Беларускага Народнага Фронту. З Валянцінам Стэфановічам пазнаёміўся падчас праходжаньня навучаньня ў Міжнароднай школе правоў чалавека ў 2000 г. у Варшаве, дзе нам чытаў лекцыі легенда польскай “Салідарнасьці” Марэк Навіцкі. А Уладзя Лабковіча памятаю яшчэ зусім юным актывістам Маладога Фронту, калі ён прыехаў да нас у Маладэчна і выступіў з прамовай на ўрачыстым сходзе з нагоды ўгодкаў БНР. Хто тады мог падумаць, якая доля выпадзе ім, а таксама тысячам іншых нявінна засуджаным патрыётам нашай Бацькаўшчыны. Але я веру, што не дарэмна яны нясуць гэты цяжкі крыж і малюся за іх хутчэйшае вызваленьне”.

Алесь Капуцкі

Уладзімір Хільмановіч: “Дата 14 ліпеня 2021 году – гэта пэўны і выразны пункт адліку. Тры гады таму стала канчаткова ясна, што антыбеларуская ўлада ўзяла цвёрды і паслядоўны курс на знішчэнне ўсёй грамадзянскай супольнасці краіны. Праваабаронцы – гэта людзі асаблівага складу і паклікання, менавіта яны закладаюць падмурак агульнай салідарнасці, памкнення да справядлівасці і пільнавання законнасці ў краіне. Вясноўцы многія гады дапамагалі многім незаконна пацярпелым ад палітычных рэпрэсій і пераследу. І дзеілі пры тым абсалютна ў прававым полі, абапіраючыся на Канстытуцыю і грамадзянскія правы, гарантаваныя паводле заканадаўства. Дзяржава з яе маніякальнай прагай да здушэння ўсяго вольнага, незалежнага і справядлівага не магла гэтага дараваць Алесю Бяляцкаму і яго паплечнікам. У гэты сумны дзень усё ж трэба верыць, што незаконна зняволеныя праваабаронцы і ўсе іншыя палітвязні неўзабаве выйдуць на волю, а ў Беларусі надыдзе адбудова прававога поля”.

Уладзімір Хільмановіч

Тамара Шчапёткіна: “Прайшло роўна тры гады, як было затрымана кіраўніцтва праваабарончага цэнтра «Вясна». Гэта старшыня «Вясны», лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзь Лабковіч. Іх засудзілі на вялікія тэрміны за тое, што дапамагалі людзям бараніць свае правы, галоўную каштоўнасць кожнага беларуса. І за гэта рэжым іх ненавідзеў, за гэта кінуў у цямніцу і катуе няспынна. Іх блізкія, калегі і сябры не ў стане ім
дапамагчы. Да іх вызвалення і да вызвалення ўсіх палітвязняў падключыліся 62 Нобелеўскія лаўрэаты, якія звярнуліся са зваротам да Лукашэнкі. Яны заклікаюць яго стаць на бок дабра і вызваліць усіх палітвязняў, у ліку якіх лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі. Пабачым, ці прыслухаецца Аляксандр Лукашэнка да голасу розуму, каб пакінуць пасля сябе не толькі бескампраміснасць, але і ўчынак, які спыніць дзяленне беларусаў на сваіх і чужых”.

Тамара Шчапёткіна