Беларускі оперны спявак Пятро Конюх нарадзіўся 8 сакавіка 1910 году ў мястэчку Турэц (цяпер Карэліцкі раён).

Пра дзяцінства, калі ў юнака выявіўся надзвычайны голас, ён згадваў у размове з карэспандэнтам газеты “Бацькаўшчына” ў 1954 годзе:

Змалку пасвіў каровы. Не сваечужыя. Трэба сказаць, што ўся сям’я была музыкальнай. Калі ў жніво, бывала, зацягнем песню, усё поле пераставала працаваць. Летам даводзілася мне часта вадзіць коні на папас далёка за вёскуякіх 4 кіламетры. Рабіць няма чаго, дык я пяю. А назаўтра бацькі расказваюць мне, што ўся вёска да поўначы прасядзела на прызьбе, слухаючы… Ужо ў юнацкія гады пачуў нястрымны пацяг да музыкі. У 16 гадоў меў нагоду ўступіць у аркестр. Граў на карнеце. Гэта й было першым пачаткам мае музычнае асветы. Калі апынуўся ў войску, прынялі мяне ў палкавы аркестр. Больш за год гралі мы ў тэатры ў Быдгашчы. Вярнуўшыся дахаты, дырыжыраваў духавым і струнным аркестрам. А часта збіраліся на вёсцы, каб проста папяяць… Колькі разоў даводзілася пасядзець у гміннай кутузцы за беларускія песні….

Турэц – радзіма спевака

Да вайны Пётра Конюх працаваў у Баранавічах. Грошы зарабляў, працуючы экспертам па закупах ільну і канопляў для польскага войска, дзеля чаго скончыў адмысловыя курсы ў Вільні. На радзіме ён ажаніўся, нарадзіліся сын і дачка.

З пачаткам другой сусветнай вайны ў жыцці спевака адбыліся істотныя змены. У 1941 годзе ён быў высланы ў Сібір, адкуль, як і тысячы іншых грамадзян Другой Рэчы Паспалітай, змог трапіць у другі польскі корпус генерала Андэрса. Прайшоў праз Іран, Ірак, Палесціну, Егіпет і апынуўся на Апенінскай паўвыспе. У бітве за Монтэ-Касіна быў паранены, пазней за ўдзел у ёй атрымаў адмысловы медаль і “Зорку Італіі”.

Застаўся ў Італіі, бо ў 1945 годзе атрымаў ваенную стыпендыю на навучанне ў Акадэміі мастацтваў. Скончыў Рымскую акадэмію мастацтваў з двума дыпломамі: спявак і маэстра. Спяваў у операх усяго свету сольна і як саліст хору, выконваў класічныя творы і народныя песні на беларускай, італійскай, польскай, французскай, ангельскай, нямецкай, расейскай і ўкраінскай мовах.

У 1950 годзе пераехаў у ЗША, выступаў з канцэртамі і пачаў выкладаць вакал, класічную і народную музыку. Працягваў выконваць беларускія песні (на думку сучаснікаў, асабліва добра ў яго выходзіла песня “Палыночак”). У 1957 годзе перамог на Міжнародным конкурсе вакалістаў у Рыме. Выкладаў спевы ва ўласных школах у Гамбургу і Нью-Ёрку. Дапамагаў ставіць голас беларускаму спеваку Данчыку. 

У 1958 годзе Пётра Конюх быў запрошаны ў хор данскіх казакоў Сяргея Жарава. Цягам 27 гадоў працы ў гэтым калектыве, спяваў і беларускія песні, некаторыя з якіх былі запісаны на пласцінкі, у тым ліку і “Магутны Божа”. Паспяховая канцэртная дзейнасць разам з хорам Жарава прыносіла Пётры Конюху не толькі славу, але і грошы. У яго з’явілася ўласная студыя ў Гамбургу, дзе ён мог працаваць самастойна без хору. 

У 1975 годзе наведаў Беларусь, як амерыканскі турыст. У Менску ён змог сустрэцца з сынам і дачкой. Але ў родную вёску яго не пусцілі. Пётра Конюх шчыра сябраваў з Рыгорам Шырмам і Янкам Брылём. Частку сваіх дакументаў і кружэлкі з запісамі спявак перадаў яшчэ пры жыцці сваім дзецям. Аднаўленне ж поўнай біяграфіі Пётры Конюха, асэнсаванне яго месца ў сусветнай музычнай культуры – яшчэ наперадзе. Таксама варта было б выдаць адмысловы дыск з песнямі ў выкананні Пётры Конюха, як выйшлі некалі дыскі іншых эмігрантаў: Міколы Равенскага, Міхася Забэйды-Суміцкага.

Гэтага спевака называлі другім Шаляпіным, пра яго пісалі газеты Аўстраліі, Вялікабрытаніі, ЗША, Італіі, Японія, Нямеччыны, Канады ды іншых краін. Як спявак ён аб’ездзіў амаль увесь свет. Але толькі не выступаў у Беларусі.

Пахаваны на беларускіх могілках Іст-Брансвіку (штат Нью-Джэрсі, ЗША).

Імя Пётра Конюха ў Беларусі да сённяшніх дзён застаецца малавядомым і не ўшанаваным. Матэрыялы пра яго ёсць у Карэліцкім музеі. У 2008 годзе кінарэжысёр Анатоль Алай стварыў дакументальны фільм “Пётр Конюх”.