
Госць Беларускага радыё Рацыя – сузаснавальнік праваабарончай ініцыятывы Dissidentby Вячаслаў Касінераў.
РР: Што вядома па стане на зараз? Нібыта вядома пра 18 палітзняволеных якія выйшлі на свабоду, ці гэта так?
– Так, зараз вядома афіцыйна пра 18 чалавек. Мы не можам цяпер называць іх імёны ў мэтах бяспекі, таму што большасць рэсурсаў і праваабарончых арганізацый вызнаныя экстрэмісцкімі. Калі людзі яшчэ знаходзяцца ў Беларусі, а відавочна што вялікая частка з іх будзе яшчэ нейкі час знаходзіцца там, любая супраца з экстрэмісцкімі рэсурсамі, фармаваннямі, і іншымі можа наклікаць яшчэ бяды на людзей. То бок гэта можа стаць падставай для крымінальнага пераследу.
РР: Давайце ўдакладнім. Гэта здаецца відавочнае пытанне, але як практыка паказвае, яно не для ўсіх відавочнае. Што тут разумеецца пад супрацай, то бок нават паведамленне ў праваабарончы цэнтр можа стаць нагодай для крымінальнай справы, так?
– Так, натуральна. Сітуацыя ў Беларусі з правамі чалавека не змянілася, нягледзячы на меркаванні некаторых асобаў з грамадзянскага сектару, так скажам. Таму рэпрэсіі працягваюцца. Адпаведна калі пра чалавека зʼявілася нейкая інфармацыя, у карнікаў узнікае лагічная думка, адкуль яна там зʼявілася? Напэўна вы неяк звязаліся. Гэта можа не выльецца адразу ў крымінальную справу, у арышт, але нейкія разбіральніцтвы ці затрыманні могуць пачацца дакладна.
РР: Ці можа гэтых вызваленых людзей стаць болей, як Вы лічыце? Гучалі розныя прагнозы, я чула і пра 20, і пра больш а 200 чалавек. Ці пойдзе яшчэ рэжым на вызваленне людзей?
– Складана сказаць. Бо гэта на самай справе не першае вызваленне людзей. Дагэтуль мы з гэтым таксама сутыкаліся, дагэтуль былі амністыі, пад якія траплялі. Мы тут у сацыяльных сетках рабілі аналітыку некалькі дзён таму, і мы падлічылі, што пад амністыю таксама ў 2022 2і 2023 годзе трапілі каля 6 чалавек з лічбы палітвязняў. Але зноў варта адзначыць, што гэта былі людзі, якім заставалася сядзець па некалькі тыдняў, некалькі месяцаў максімум. Адпаведна мы памятаем справу Ромы Пратасевіча і іншых, калі былі нейкія амністыі, вызваленні, памілаванні. То бок гэта не першыя людзі, яны проста найбольшая група, якую вызвалілі адразу.
– Чаму так атрымалася мы таксама не ведаем. Адзінае што дакладна, гэта не можа сведчыць пра нейкія кардынальныя змены ў стаўленні рэжыму да сваіх апанентаў, бо рэпрэсіі працягваюцца. У нас ёсць падставы так казаць, бо за папярэдні месяц новых палітвязняў непасрэдна мы вызналі 72 чалавекі. Гэта кажа пра тое, што канвеер не спыніўся. 72 чалавекі я маю на ўвазе колькі вядома праваабаронцам. Іх можа быць болей, і хутчэй за ўсё болей. Таму рэпрэсіі не спыняюцца. Калі будуць нейкія вызваленні, то гэта будзе хутчэй абумоўлена нейкімі знешнімі фактарамі, а магчыма і сігналам Лукашэнкі, які ён прабуе данесці Захаду.
Вячаслаў заклікае падтрымаць беларускую праваабарончую супольнасць, данатамі, і што не менш важна, інфармацыйна. Калі вам нешта вядома пра затрыманых, вызваленых, пра ўмовы ўтрымання – звязвайцеся і распавядайце праваабаронцам.
Беларускае Радыё Рацыя
