фота ілюстрацыйнае, Andrzej Skwarczynski

Кампетэнтныя органы Польшчы высветлілі асобу чалавека, які на мяжы з Беларуссю напаў на польскага вайскоўца Матэвуша Сітэка, у выніку чаго той пасля памёр. Пра гэта паведамляе RMF FM са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Адзначаецца, што следчыя прааналізавалі кадры моманту нападу на мяжы, пасля чаго польскія спецслужбы некалькі тыдняў «дапытвалі мігрантаў, што трапілі ў Польшчу», выкарысталі «інфарматараў з груп мігрантаў, якія знаходзяцца ў Беларусі». У выніку зараз дакладна вядома, хто менавіта 28 траўня параніў польскага салдата нажом, прымацаваным да палкі, калі група мігрантаў фарсіравала памежную сцяну ў раёне вёскі Дубічы-Царкоўныя.

Паводле інфармацыі медыя, гэты чалавек «усё яшчэ знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі». Разам з тым не выключаецца, што «пасля раскрыцця інфармацыі пра яго асобу» ён уцячэ з краіны «ў Сірыю ці іншую блізкаўсходнюю краіну». «Злавіць яго там польскім службам і пасля прыцягнуць да адказнасці, як ні парадаксальна, будзе прасцей», – сцвярджаецца ў матэрыяле.