Горад Масты ўзмоцнена рыхтуюць да галоўных сёлета ў дзяржаве “Дажынак”. Першы раз у Мастах агульнабеларускія “Дажынкі” былі ў 1997 годзе (гэта быў толькі другі фэст). І вось горад другі раз рыхтуецца прыняць адно з сама ідэалагізаваных святаў.

На сённяшні дзень актыўна вядуцца работы па мадэрнізацыі раённага цэнтра культуры і цэнтральнага раённага шпіталю. Рамантуецца вулічна-дарожная сетка па вуліцах Якуба Коласа, Кірава, Будзёнага, Матросава і Зялёная. Да канца ліпеня завершацца працы па рамонце праспекта Юнацтва. Ужо завершана парадкаванне вуліцы Кветкавай і ўпарадкаваны дваровыя тэрыторыі па вуліцы Лермантава і вуліцы Катоўскага.

Усяго да свята адрамантуюць каля 15 кіламетраў вулічных артэрый. Абновяць таксама фасады дамоў – мастакі створаць муралы на сценах будынкаў. Якія сюжэты будць на муралах – пакуль не паведамляецца.