У Варшавы для афіцыйнага Менску ёсць канкрэтныя ўмовы па нармалізацыі дачыненняў. Пра гэта ў інтэрв’ю Radio ZET заявіў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Анджэй Шэйна.

Дыпламат пералічыў гэтыя ўмовы: “Спыненне гібрыдных нападаў, выдача забойцы польскага салдата, вызваленне зняволеных палякаў”. Шэйна дадаў, што Польшча абмежаваная ў сваіх дзеяннях у дачыненні да Беларусі, бо афіцыйны Менск адкрыта супрацуе з Расеяй і варожа настроены да Украіны.

Разам з тым намеснік міністра прыгразіў узмацніць санкцыі на мяжы з Беларуссю: “Але, магчыма, калі гэтыя ўмовы не будуць выкананыя, мы зможам спыніць транспарціроўку тавараў праз Беларусь. Нам гэта таксама нявыгадна, але мы пачынаем да гэтага рыхтавацца, і Беларусь заўважае, што мы сур’ёзна да гэтага ставімся”.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з краінамі Еўразвязу працягваецца з вясны 2021 году. Еўрапейскія палітыкі ахарактарызавалі яго як гібрыдную атаку, арганізаваную рэжымам Лукашэнкі. 28 траўня на мяжы з Беларуссю адбыўся напад на польскага вайскоўца Матэвуша Сітэка, які памёр у шпіталі 6 чэрвеня. Паводле звестак Варшавы, на яго напаў мігрант, які дагэтуль застаецца ў Беларусі, але пасля раскрыцця можа паспрабаваць збегчы на Блізкі Усход. Польшча патрабуе яго выдачы.

Таксама польскія ўлады даўно дамагаюцца вызвалення журналіста і актывіста Саюза палякаў Анджэя Пачобута. У Беларусі ён па палітычных матывах асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі.