
Другі энергаблок Беларускай АЭС 26 ліпеня спыняць на першы планава-папераджальны рамонт, паведамляе прэс-служба электрастанцыі. На АЭС заяўляюць, што гэта міжнародная практыка: штогод на кожным блоку АЭС праходзяць планавыя рамонтныя работы. Падчас іх правяраюць надзейнасць абсталявання і тэхналагічных сістэм. Спецыялісты, як паведамляецца, правядуць іх дэталёвую дыягностыку, у якую ўваходзіць пашыраны кантроль металу і зварных злучэнняў абсталявання рэактарнага і турбіннага аддзяленняў.
Таксама ў блоку заменяць адпрацаванае ядзернае паліва на свежае: у актыўную зону рэактара перазагрузяць каля 25% цеплавыдзяляльных зборак з ядзерным палівам. Займацца планавым рамонтам будуць беларускія і расейскія арганізацыі. Другі энергаблок БелАЭС быў уведзены ў прамысловую эксплуатацыю 1 лістапада 2023 года.
