Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі зацвердзіла інструкцыю «Аб парадку разліку і кампенсацыі асуджанымі выдаткаў на камунальныя паслугі і харчы, фактычна панесеныя папраўчымі ўстановамі адкрытага тыпу», то бок на «хіміі». Інструкцыю апублікавалі на Pravo.by.

Згодна з інструкцыяй, разлікі плацяжоў за камунальныя паслугі робіць папраўчая ўстанова. У іх уключаныя выдаткі на гарачую і халодную ваду, каналізацыю, камунальныя адкіды (прапарцыйна колькасці засуджаных і супрацоўнікаў), ацяпленне (прапарцыйна плошчы памяшканняў у карыстанні засуджанымі), электрычнасць (прапарцыйна магутнасці і працягласці працы электрапрымачоў у жылых ды іншых памяшканнях у карыстанні засуджанымі), газ (у поўным аб’ёме).

Разлік за харчаванне – сума ўсіх выдаткаў установы на харчаванне за месяц дзеліцца на колькасць засуджаных і на колькасць дзён, у якія зняволены атрымліваў харчаванне.

Рахункі за камуналку і харчаванне будуць выстаўляцца зняволеным да 20-га дня кожнага месяца і ў дзень вызвалення. Заплаціць трэба да 25-га дня наступнага месяца ў безнаяўнай форме на рахунак установы абмежавання волі. Іначай будуць спаганяць прымусова.

Новыя правілы набудуць моц 1 студзеня 2025 года. Да таго дзеюць старыя правілы, якія рэгулююць толькі аплату камунальных паслуг (але за харчаванне плату таксама бяруць). Згодна са старымі правіламі, плаціць можна было і наяўнымі ў касу ўстановы, да апошняга дня наступнага месяца. Грошы за камуналку і харчаванне маглі забіраць з заробкаў, якія плоцяць за прымусовую працу ў няволі.