Прызначана дата завочнага суду ў рамках так званай спецвытворчасці над гарадзенскім публіцыстам і праваабаронцам Уладзімірам Хільмановічам. Крымінальны працэс павінен пачацца 29 ліпеня а 10-й гадзіне ў будынку суда Гарадзенскага раёна. Інфармацыя пра гэта знайшлася на сайце Вярхоўнага Суда РБ. Хто будзе весці працэс – невядома. Журналіста вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: артыкул 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), фігуруюць частка 1 артыкулу (Вярбоўка, іншае уцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а таксама іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), а таксама частка 2 згаданага артыкулу (Тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна, альбо групай асобаў па папярэдняй змове, альбо на пасадзе з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў), а таксама артыкул 361-1, частка 3 (Уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання з мэтай здзяйснення злачынства экстрэмісцкай скіраванасці альбо ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні). Паводле іх пагражае да 7 гадоў зняволення.

Сітуацыю каментуе Уладзімір Хільмановіч:

З юрыдычнага гледзішча тут няма чаго аналізаваць, таму што парушаны ўсе нормы заканадаўства. Уся гэта незаконная крымінальная справа – гэта відавочны спланаваны палітычны пераслед за маю журналісцкую і грамадскую дзейнасць. Відавочна, што «органы» «ідуць па спісе» вядомых гарадзенскіх актывістаў. Многія гады я быў сябрам розных грамадскіх арганізацый, друкаваўся на розных інтэрнэт-сайтах. Таму нават ня ведаю дакладна, да якога «экстрэмісцкага фармавання» яны мяне зараз «прышчапілі». Акрамя артыкулаў, якія мне інкрымінуюць, мне нічога невядома. Ніхто з следчых не рабіў ніякай спробы са мной звязацца, хоць гэта нескладана. Ніхто не інфармаваў на якой стадыі справа і калі яна была пераданая ў пракуратуру і потым у суд. Нават на сайце Следчага камітэту РБ у раздзеле «спецвытворчасць», дзе я фігурую пад 73-ім нумарам, дагэтуль няма інфармацыі, што расследаванне справы скончана і яна накіравана ў пракуратуру. На судовы працэс павінны былі прызначыць нейкага адваката, але ён таксама са мной не спрабаваў звязвацца. Здзіўляцца, аднак, ва ўмовах татальнага беззаконня, не выпадае.

Уладзімір Хільмановіч ужо больш трох гадоў не пражывае ў Беларусі. Крымінальную справу супраць яго пачалі ў лістападзе 2023 года. Пры тым накладзены арышт на ўсю маёмасць журналіста.

Раней разгляды крымінальных справаў у судзе па так званай спецвытворчасці былі прызначаны ў дачыненні іншых вядомых гарадзенцаў – Вольгі Вялічкі і Алеся Кіркевіча.