У Беластоку ўвечары 25 ліпеня прайшла традыцыйная акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам і іншымі палітвязнямі ў Беларусі. На яе сабралася больш 30 чалавек – актывісты беларускіх і польскіх грамадскіх арганізацый, журналісты. Выступілі Марэк Занеўскі, Ян Роман, Уладзімір Лапцэвіч, Уладзімір Хільмановіч, Аляксандр Каваленка.

Выступоўцы казалі, што ў лёсе Анджэя Пачобута нічога не мяняецца, ужо 40 месяцаў ён за кратамі, пра мацаванне салідарнасці і веру ў справядлівасць, пра маскоўскую імперскую палітыку знішчэння суверэнітэту Беларусі і нацыянальных меншасцяў у краіне.

Акцыя традыцыйна праходзіць 25 дня кожнага месяца. Менавіта 25 сакавіка 2021 Анджэй Пачобут быў затрыманы і кінуты ў турму. Пазней яго засудзілі да вялікага тэрміну зняволення – 8 гадоў.