
У МУС паведамілі, што кіраўнік ведамства ўзяў пад асабісты кантроль сітуацыю ў Гарадзенскай ДАІ, дзе беларусы сталі ў вялікую чаргу.
У апошнія некалькі дзён каля рэгістрацыйнага падраздзялення ДАІ УУС Гарадзенскага аблвыканкама збіраюцца вялікія чэргі.
Кіроўцы імкнуцца хутчэй перааформіць аўтамабілі — гэта звязана з тым, што Польшча перастала пускаць машыны на беларускіх нумарах без уладальнікаў у салоне.
У МУС паведамілі, што кіраўнік ведамства Іван Кубракоў узяў сітуацыю пад асабісты кантроль. У дапамогу гарадзенскім супрацоўнікам накіравалі работнікаў з Менскк, а працягласць працы рэгістрацыйнага падраздзялення павялічана — цяпер яно адкрыта з 7.00 да 17.00.
Акрамя таго, у МУС сцвярджаюць, што супрацоўнікі пераафармляюць аўто за суткі, хоць па законе яны могуць рабіць цягам сямі дзён.
МУС таксама пагражае невядомым ГУБАЗіКам — Кубракоў даручыў упраўленню «ўстанавіць асоб, якія штучна нагнятаюць абстаноўку і ажыццяўляюць інфармацыйныя ўкіды, якія не адпавядаюць рэчаіснасці». Пра якія менавіта ўкіды ідзе гаворка, не тлумачыцца.
Нагадаем, Латвія і Эстонія забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю аўто з беларускімі нумарамі. Аналагічную забарону ўвяла і Літва, аднак да 16 жніўня машынам з уладальнікам усё яшчэ можна будзе ўязджаць у краіну. Польшча ад поўнай забароны пакуль адмовілася, але ўвяла такую ж меру — праз мяжу прапускаюць толькі беларускія аўто з уладальнікам у салоне.
Наша Ніва
