
З інфармацыі на сайце Вярхоўнага суда РБ вынікае, што Гарадзенскі абласны суд прызначыў разгляд крымінальнай справы сёстраў Жанны Захаркевіч і Надзеі Сцепанцовай у будынку Гарадзенскага раённага суду 5 жніўня. Абедзвюм прапаноўваюць з“явіцца ў гэты дзень у будынак суду на вуліцы Гаспадарчай на 10-ю гадзіну.
Перад гэтым супраць сёстраў пачалі так званую спецвытворчасць. Захаркевіч і Сцепанцовай інкрымінуюць частку 2 артыкулу 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
У 2021-ым годзе сёстраў засудзілі да «хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасня 2020 году ў Гародні. Пасля прысуду яны вырашылі выязджаць з краіны — Жана і Надзея 12 гадзін ішлі па лесе і дрыгве ў бок Літвы.
Зараз абедзве сястры знаходзяцца ў Польшчы. У Гародні ў іх кватэрах не раз адбываліся ператрусы, накладзены арышт на іх маёмасць. Вядома, што частку мэблі з кватэры Жаны Захаркевіч ужо прадалі, такім чынам дзяржава “здзірае” грошы за штраф, які паралельна быў прысуджаны пасля суду па так званым “народным артыкуле”.
Раней суд Ленінскага раёна звінаваціў жанчын паводле ч. 1 арт. 342 і арт. 364 КК і прысудзіў ім абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію») на тэрмін 3 гады і 3 гады і 6 месяцаў адпаведна.
Намеснік генпракурора падаў пратэст на гэты прысуд. На яго думку, суд не ўлічыў, што жанчыны, калі стаялі ў счэпцы, уступалі ў супрацьборства з сілавікамі; пры гэтым нібыта адна выкрыквала абразы на адрас міліцыянта, а іншая нават ударыла аднаго з сілавікоў.
У выніку па рашэнні новага “суда” ў жніўні 2022 году жанчынам змянілі пакаранне на пазбаўленне волі тэрмінам на 2 гады і 2 гады і 6 месяцаў адпаведна.
