У пятніцу 26 ліпеня польскі Сейм прагаласаваў за закон, які дазволіць сілавікам ужываць агнястрэльную зброю на мяжы з Беларуссю. Цяпер прымяненне зброі ці непасрэднай сілы не будзе карацца паводле крымінальнага кодэксу, калі існавала пагроза бяспецы асобы ці краіны.

Законапраект быў распрацаваны пасля гібелі польскага жаўнера ў выніку нажавога ранення, нанесенага мігрантам на польска-беларускай мяжы.

Каб закон уступіў у сілу, яго яшчэ мусіць падпісаць прэзідэнт.

Рада Еўропы, праваабарончыя арганізацыі і актывісты выказалі занепакоенасць гэтым законапраектам, які, паводле, іх, можа выклікаць злоўжыванні. Камісар Рады Еўропы па правах чалавека Майкл О’Флаерці зазначыў, што новае заканадаўства можа «спрыяць адсутнасці падсправаздачнасці і сведчыць аб недастатковай прыхільнасці абавязальніцтвам у галіне правоў чалавека».

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з Еўразвязам працягваецца з 2021 года. Еўразвяз абвінавачвае рэжым Лукашэнкі ў штучным стварэнні гэтай праблемы і выкарыстоўванні мігрантаў як элементу гібрыднай агрэсіі.