Тых, хто спрабуе хоць нечым дапамагчы палітвязням, зараз пераследуе лукашэнкаўская дзяржава. Таму ўсё папулярней становяцца так званыя партызанскія метады.

Кожны раз даводзіцца шукаць усё новыя спосабы падтрымкі тых, хто апынуўся за кратамі, – адзначыла прадстаўніца ініцыятывы dessident.by Марына Касінерава:

– Заўсёды актуальна і больш эфектыўна зараз людзей падтрымліваць наўпрост. Дапамога ў Беларусі зводзіцца цяпер да такіх партызанскіх метадаў, бо ўсе разумеюць, што дзяржава пераследуе людзей, якія спрабуюць аказваць хоць нейкую дапамогу. Мы ведаем, што ў СІЗА знаходзяцца людзі, якія дасылалі пасылкі, грашовыя пераводы. Таму калі чалавек жадае аказаць такую падтрымку, ён мусіць клапаціцца пра сваю бяспеку і не ўказваць сваіх дадзеных. Лепш займацца наўпрост дапамогай сям’і, якую немагчыма адсачыць.

Усю актуальную інфармацыю на тэму месца знаходжання беларускіх палітвязняў, бліжэйшых судоў ці іх Дзён народзінаў можна атрымаць на адмыслова створаным сайце dessident.by. Таксама там можна знайсці звесткі па актуальных спосабах падтрымкі такіх асобаў.