
Па інфармацыі праваабаронцаў “Вясны”, у наваполацкую калоніі № 1 кожны дзень прыязджаюць прадстаўнікі менскай пракуратуры, якія прымушаюць палітвязняў пісаць прашэнні аб памілаванні. Але гэта тычыцца толькі засуджаных да невялікіх тэрмінаў.
Таксама вядома, што ў некаторых калоніях палітвязняў за адмову пісаць прашэнне змяшчаюць у ШІЗА, а некаторым пагражаюць пачынаннем новай крымінальнай справы паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
Нядаўна @dissidentBY таксама паведамлялі пра масавы збор прашэнняў аб памілаванні ад палітвязняў у калоніях, турмах і ПУАТ.
Нагадаем, па інфармацыі “Вясны”, 3 ліпеня на волю па амністыі ці памілаванні выйшлі 18 палітзняволеных. Сярод іх — чатыры жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку хворы на анкалогію Рыгор Кастусёў.
