
Роўна 5 гадоў таму – 30 ліпеня 2019 года памёр беларускі грамадскі актывіст, віленскі доктар Сяргей Карабач.
Нарадзіўся Сяргей Карабач 23 сакавіка 1924 года ў вёсцы Яманты на Лідчыне. З 1942 па 1944 гады навучаўся ў беларускай Наваградзкай настаўніцкай семінарыі. З 1947 г. – у Вільні. Скончыў медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта. У 1989 годзе абараніў доктарскую дысертацыю і атрымаў навуковую ступень доктара медыцынскіх навук.
Навучанне ў беларускай наваградскай семінарыі лічыў самым цікавым перыядам свайго жыцця. Памятаў ксяндза Адама Станкевіча і іншых выдатных дзеячаў міжваеннай Вільні.
Ён адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў беларускага адраджэння ў Літве і цягам некалькіх дзясяцігоддзяў браў актыўны ўдзел у віленскім беларускім жыцці. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, сп. Сяргей да апошніх дзён быў адным з самых актыўных беларускіх дзеячоў Вільні. Быў сябрам Таварыства Беларускай Культуры.
