Прапануем вашай увазе краязнаўчы рэгіянальны каляндар на жнівень 2024 году.

1 жніўня

110 гадоў таму (1914) – Пачалася Першая сусьветная вайна.

30 гадоў таму (1994) – Памёр Восіп Блізьнюк, удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смургонях, вязень савецкіх канцлягераў. Нараджэнец в. Шаматова (Смургонскі р-н). Пахаваны ў Смургонях.

2 жніўня

305 гадоў таму (1719) – Памёр Караль Радзівіл, дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Валодаў Смаргонямі, Карэлічамі. Заснаваў базыльянскі манастыр у Міры.

230 гадоў таму (1794) – Пад Слонімам адбылася бітва паміж корпусам Караля Серакоўскага і расейскім войскам.

140 гадоў таму (1884) – У в. Рыдзялі ці Верцялішкі (Гарадзенскі р-н) нарадзіўся Аляксандар Коўш, беларускі грамадзка-палітычны і царкоўны дзеяч, сьвятар, публіцыст.

105 гадоў таму (1919) – У Вільні Цэнтральнай Беларускай Радай Віленшчыны і Гарадзеншчыны была ўтворана Беларуская вайсковая камісія – орган па фармаваньні беларускіх частак у польскім войску.

5 жніўня

160 гадоў таму (1864) – У Варшаўскай цытадэлі павешаны Рамуальд Траўгут, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-64 гг. Вучыўся ў Сьвіслачы. Пахаваны ў Львове.

6 жніўня

140 гадоў таму (1884) – У мяст. Жыровічы (Слонімскі р-н, паводле інш. зьв. в. Клейнікі, Бельскі пав.) нарадзіўся Яўген Хлябцэвіч, бібліятэказнавец, літаратуразнавец, публіцыст, педагог.

110 гадоў таму (1914) – У в. Ачукевічы (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Міхась Рагуля, грамадзкі, культурны дзеяч, дзеяч беларускай эміграцыі (Нямеччына, ЗША).

7 жніўня

145 гадоў таму (1879) – У в. Дубна (Мастоўскі р-н) нарадзіўся Пётра Крэчаўскі, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, паэт, гісторык, старшыня Рады БНР.

9 жніўня

Сусьветны дзень карэнных народаў.

11 жніўня

140 гадоў таму (1884) – У в. Абабы (Новааляксандраўскі пав.) нарадзіўся Міхал Далецкі, беларускі каталіцкі сьвятар. З 1924 г. служыў пробашчам у Уселюбе (Наваградзкі р-н), з 1933 г. быў дэканам і пробашчам у Наваградку.

12 жніўня

Міжнародны дзень моладзі

14 жніўня

135 гадоў таму (1889) – У Дзюдзергофе (пад Пецярбургам) памёр Аляксандар Гінтаўт-Дзевалтоўскі, беларускі рэлігійны дзеяч, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху на Гарадзеншчыне.

15 жніўня

Дзень археолага

70 гадоў таму (1954) – У мяст. Падсьвільле памёр Язэп Драздовіч, беларускі мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог, адзін з заснаваньнікаў нацыянальна-гістарычнага жывапісу. Вандраваў па Гарадзеншчыне, пэўны час працаваў у Наваградку. Пахаваны на могілках паміж в. Ліпляны і Малыя Давыдкі (Глыбоцкі р-н).

16 жніўня

155 гадоў таму (1869) – У Гарадзілаве (Маладэчанскі р-н) памерла Габрыэля Альбіна Пузына, беларуская паэтка, мемуарыстка. Жыла ў Дабраўлянах (Смургонскі р-н).

17 жніўня

395 гадоў таму (1629) – У Алескім замку (цяпер мяст. Алеска, Львоўская вобл., Украіна) нарадзіўся Ян ІІІ Сабескі, кароль Рэчы Паспалітай і Вялікі князь ВКЛ у 1674-96 гг.

75 гадоў таму (1949) – У в. Пустаборы (Зэльвенскі р-н) нарадзіўся Іван Сяргейчык, беларускі празаік, паэт, вайсковец.

23 жніўня

Еўрапейскі дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму.

24 жніўня

280 гадоў таму (1744) – У Гародні адбыўся павятовы соймік, які выступіў за захаваньне права “лібэрум вета”.

45 гадоў таму (1979) – У Сьвіслачы адчынены раённы гісторыка-краязнаўчы музей.

25 гадоў таму (1999) – У Гародні памёр Уладзімір Кісель, удзельнік падпольнай арганізацыі Саюз Змаганьня за Незалежнасьць Беларусі, вязень савецкіх канцлагераў і турмаў. Пахаваны на могілках каля стан. Авульс пад Гародняй.

26 жніўня

30 гадоў таму (1994) – У Менску памёр Сяргей Новік-Пяюн, беларускі паэт і пісьменьнік. Пахаваны ў в. Лявонавічы (Нясьвіжскі р-н). З 1931-га да 1945 г. жыў у Слоніме.

27 жніўня

30 гадоў таму (1994) – У в. Малі пад Астраўцом усталяваны помнік Восіпу Гашкевічу (скульптары Валер’ян Янушкевіч і Рычард Груша), дыпламату, вучонаму, падарожніку.

28 жніўня

110 гадоў таму (1914) – У в. Панькі (Івейскі р-н) нарадзіўся Нікандар Мядзейка, беларускі настаўнік, дзеяч Беларускай Народнай Самапомачы, дзеяч эміграцыі (Францыя, ЗША). Вучыўся ў Барунах, працаваў у Лідзкай акрузе.

65 гадоў таму (1959) – У Нью-Ёрку памёр Рафаэль Лемкін, амерыканскі юрыст, аўтар тэрміну “генацыд” і праекту адпаведнай Канвенцыі ААН. Нараджэнец в. Бязводна (Зэльвенскі р-н).

55 гадоў таму (1969) – У Аўстраліі ў аўтакатастрофе загінуў Сяргей Розмысл, палітычны і вайсковы дзеяч БКА на Лідчыне, дзеяч эміграцыі (Нямеччына, Аўстралія). Сям’я жыла ў Гудзінішках (Вараноўскі р-н). Пахаваны ў Мэльбурне.

25 гадоў таму (1999) – У Міры пачаўся двухдзённы 1-ы агульнабеларускі конкурс народных майстроў “Дрэва жыцця”.

29 жніўня

Міжнародны дзень дзеяньняў супраць ядравых выпрабаваньняў.

30 жніўня

Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных зьнікненьняў.