Афіцыйная дзяржаўная статыстыка паказвае, што ў Беларусі ўсё больш судзяць непаўналетніх.

У Беларусі ў першым паўгоддзі 2024 года за ўчыненне розных злачынстваў асудзілі 353 непаўналетніх, што на 27,9% больш, чым у першым паўгоддзі 2023 года, у якім асуджаныя 276 непаўналетніх. Такая інфармацыя размешчана на інтэрнэт-партале судоў агульнай юрысдыкцыі.

Па дадзеных судовай статыстыкі, больш за ўсё непаўналетніх – 156 – асуджаныя за злачынствы супраць уласнасці. Размова ідзе пра такія злачынствы, як крадзеж, рабаванне, разбой, махлярства, прысваенне або растрата, крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютэрнай інфармацыі, угон транспартнага сродку або маламернага воднага судна, наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці.

Сотня непаўналетніх асуджана за ўчыненне злачынстваў супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці, з іх большасць – 69 чалавек – за ўчыненне хуліганства.

Злачынствы супраць жыцця і здароўя ўчынілі 15 асуджаных непаўналетніх. З іх трое асуджаныя за забойства, чацвёра – за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, яшчэ чатыры – наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання, трое – за наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання і адзін падлетак – за прычыненне цяжкага ці менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці.

За здзяйсненне злачынстваў супраць міру, бяспекі чалавецтва асуджаныя два чалавекі.

За злачынствы супраць полавай недатыкальнасці або полавай свабоды асуджаныя 13 непаўналетніх. У тым ліку шасцярых падлеткаў асудзілі за згвалтаванне і семярых – за гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару.

За ўчыненне злачынстваў супраць грамадскай бяспекі і здароўя насельніцтва асуджаныя 39 непаўналетніх. Больш за ўсё падлеткаў – 36 – асуджаныя за злачынствы, звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні да наркотыкаў. Гэта на 23,4% менш, чым у першым паўгоддзі 2023 года, у якім за аналагічныя злачынствы вынесены прыгаворы 47 непаўналетнім.

Пяць падлеткаў асуджаныя за ўчыненне злачынстваў супраць дзяржавы і парадку ажыццяўлення ўлады і кіравання. Гутарка тут ідзе якраз пра палітычны пераслед – такім чынам рэжым незаконна засудзіў яшчэ 5 фактычна дзяцей па палітычных матывах.

Што да пакарання, то з 353 асуджаных непаўналетніх 78 назначана пазбаўленне волі на пэўны тэрмін (22,1 працэнта), 17 назначаны грамадскія работы (4,8 працэнта). Штрафу падвергнуты чатыры чалавекі (1,1%). Аднаму назначаны папраўчыя работы (0,3 працэнта), шасці – арышт (1,7 працэнта), 104 непаўналетнім – абмежаванне волі (29,5 працэнта). Адтэрміноўка выканання пакарання прыменена да 43 падлеткаў (12,2 працэнта), умоўнае непрымяненне пакарання – да шасці (1,7 працэнта). Да 93 непаўналетніх прыменены прымусовыя меры выхаваўчага характару (26,3 працэнта). Адзін непаўналетні (0,3%) вызвалены па прыгаворы ад адбывання пакарання