
Цэнтр новых ідэй у сваёй трэцяй справаздачы даследавання «Барометр рэпрэсій у Беларусі» паведамляе, што ціск на беларускае грамадства працягвае расці і біць усе антырэкорды. У лічбах гэта выглядае вельмі ўражліва.
Удвая больш «экстрэмісцкіх» фармаванняў і судоў па прызнанні «экстрэмістамі»
У другім квартале гэтага года спіс «экстрэмістаў» папоўніўся на 485 чалавек. Амаль палова (222 чалавекі) унеслі туды ў траўні, падчас правядзення выбараў у Кардынацыйную раду. Судоў па прызнанні матэрыялаў «экстрэмісцкімі» таксама становіцца больш. Так, у папярэднія кварталы 2024-га праходзіла ў сярэднім 170 такіх судоў, а ў другім квартале колькасць іх вырасла ўдвая – да 352 судоў, прычым, 170 з іх прайшло толькі ў красавіку. Цяпер у спісе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў больш за 4300 найменняў, прычым, некаторыя ўключаны туды па некалькі разоў.
У спісе «тэрарыстаў» зараз 1187 чалавек, з іх 447 – грамадзяне Беларусі. За апошнія 4 месяцы спіс папоўніўся на 35 грамадзян Беларусі, але тут статстыку праслядзіць складана.
Затрыманняў (вы здзівіцеся) у гэтым годзе становіцца менш
Хоць з канца 2023-га па першы квартал 2024 года колькасць затрыманняў расла (адна з прычын – справа ініцыятывы «INeedHelp», якая перадавала сем’ям палітвязняў прадукты праз «Е-дастаўку»), але зараз яна стала зніжацца. У першым квартале было мінімум 987 затрыманых, у другім квартале затрымалі мінімум 448 чалавек. Самыя частыя прычыны затрыманняў людзей – удзел у пратэстах 2020-га, абраза прадстаўнікоў улады, узаемадзеянне з экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Хоць статыстыка затрыманняў сёлета падае, за 4 гады сітуацыя відавочна пагаршаецца, кажуць складальнікі «Барометра рэпрэсій у Беларусі». Відавочны рост пераследу ў Беларусі пачаўся ў 2021 годзе, і з тых часоў толькі набірае абароты.
Колькасць крымінальных спраў толькі павялічваецца
Уздым пачаўся ў першым квартале 2024-га, у другім квартале дайшоў да рэкорднага за 4 гады ўзроўню – 452 спраў. Больш за ўсё «крымінальнік» дашліся на сакавік і красавік гэтага года.
Удвая больш новых палітвязняў
Колькасць новых палітвязняў у другім квартале вырасла амаль удвая: 178 чалавек супраць 99 у першым квартале. Пры гэтым агульная колькасць зняволеных па палітычных матывах застаецца прыкладна аднолькавай з канца 2022-га – каля 1450 чалавек. Усяго з пачатку пераследу ў 2020 годзе праваабаронцы прызналі палітвязнямі 3330 чалавек.
Больш за ліквідаваных недзяржаўных арганізацый
У першым квартале 2024 года ліквідавалі 92 такія арганізацыі, у другім – 97. Калі так пойдзе і далей, у трэцім квартале гэтага года можна ліквідуюць не менш за 100 НДА, лічаць праваабаронцы.
Што далей? Гайкі працягне заціскаць усё мацней як мінімум да канца 2025-га
Старшы эксперт Цэнтру новых ідэй, кандыдат сацыялагічных навук Генадзь Коршунаў канстатуе: вылучаная раней Цэнтрам гіпотэза пра тое, што ў канцы мінулага года пачалася новая «рэпрэсіўная хваля», на жаль, пацвярджаецца.
«Рэпрэсіўны ціск на беларускае грамадства расце. Зыходзячы з гэтага, мы таксама пацвярджаем наш прагноз, агучаны ў другім нумары «Барометра»: рост ціску працягнецца (па меншай меры, да канца выбарчай кампаніі 2025 года)».
