
Гарадзенскі абласны суд 2 жніўня ў парадку спецвытворчасці абвесціў прысуд па справе эксперткі ў галіне псіхалогіі, былой дырэктаркі дзіцячага хоспіса ў Гародні Вольгі Вялічкі.
Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яе вінаватай па шэрагу крымінальных артыкулаў і прызначыў ёй дзевяць гадоў зняволення, а таксама штраф 12 000 рублёў.
Пачалі Вялічку судзіць завочна 1 ліпеня. Працэс расцягнуўся на месяц.
Вольгу звінавацілі па наступных артыкулах:
- ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці);
- арт. 193-1 КК (незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці);
- ч. 3 арт. 203-1 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных дадзеных);
- ч. 3 арт. 210 КК (намер на завалоданне маёмасцю ў буйным памеры службовай асобай);
- ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак);
- ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці);
- ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку).
Раней на Вольгу завялі крымінальныя справы за «крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены ў буйным памеры» і за ўдзел у акцыі пратэсту.
Гарадзенскі дзіцячы хоспіс, якім яна кіравала раней, ліквідаваны па рашэнні гарадзенскіх уладаў, а сама Вольга са снежня 2020 года жыве за мяжой і працягвае працу па развіцці сістэмы паліятыўнай дапамогі дзецям і дарослым.
Нядаўна Вялічка выдала кнігу пра свет вачыма дзяцей палітвязняў «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме».
