
Марыюш Каміньскі, былы міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, каардынатар спецслужбаў у кабінеце Матэвуша Маравецкага, пракаментаваў у сацсетцы X учорашні абмен зняволенымі паміж Расеяй і краінамі Захаду і пры гэтай нагодзе пакрытыкаваў цяперашні ўрад пад кіраўніцтвам Дональда Туска.
Паводле Каміньскага, перамовы аб абмене палоннымі паміж Расеяй і Захадам вяліся не менш за паўтара года і ён сам, як каардынатар польскіх спецслужбаў, вёў па гэтым пытанні перамовы з амерыканцамі.
«Я прапанаваў перадаць расецам агента ГРУ Паўла Рубцова, арыштаванага намі ў лютым 2022 года пад іменем Пабла Гансалес. Нашай умовай у рамках абмену палоннымі было перадаць Польшчы Анджэя Пачобута, асуджанага ў Беларусі на 8 гадоў турмы, і расейца В., які меў Карту паляка і быў асуджаны на 12 гадоў лагераў за супрацу з польскімі службамі», — сцвярджае экс-міністр.
Паводле яго, новы польскі ўрад аддаў расейцам гэтага каштоўнага агента, нічога не атрымаўшы ўзамен, за што яго востра крытукуе.
Варта адзначыць, што былы міністр Каміньскі знаходзіцца ў вострым канфлікце з цяперашнім польскім урадам, у студзені гэтага года ён нават затрымліваўся проста ў прэзідэнцкім палацы.
