Беларускі грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч, святар, публіцыст Аляксандр Коўш нарадзіўся
02 жніўня 1884 года ў вёсцы Рыдзялі ці ў вёсцы Верцялішкі (Гарадзенскі раён).

Паходзіў з сялянскай праваслаўнай сям’і, у якой нарадзілася дзесяць дзяцей. У 1904 годзе скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, працаваў настаўнікам у мястэчку Дамачава Брэсцкага павету.

Будынак Свіслацкай семінарыі

Пасля пераехаў у Люблін, дзе пасля сканчэння бухгалтарскіх курсаў працаваў у Люблінскім аддзеле Расейскага дзяржаўнага банку на пасадзе канцылярскага чыноўніка. У 1915 годзе разам з банкам эвакуяваўся ў Расею. Спярша жыў у Маскве, потым у Разані, Славянску, Майкопе.

У 1921 годзе Аляксандр Коўш вярнуўся ў Беларусь. Тады ж епіскапам Беластоцкім Уладзімірам (Ціханіцкім) высвечаны на святара. З 1921 па 1925-ы гады служыў настаяцелем у царкве Мікалаеўскага храма вёскі Дзятлавічы (цяпер Ваўкавыскі р-н). У сваіх казаннях заклікаў сялян змагацца за свае правы, не забываць родную мову, адчыняць беларускія школы і супрацьстаяць паланізацыі. Пазнаёміўся ў гэты час з некаторымі дзеячамі беларускага руху. У госці да яго прыязджалі беларускія соймавыя паслы Пётр Мятла і Павал Валошын, а вядомы беларускі сенатар і абаронца праваслаўя Вячаслаў Багдановіч чытаў у мясцовай царкве “Апостал” па-беларуску.

У 1925 годзе пераехаў у Вільню. Служыў у царкве Святога Міхала Арханёла ў Шніпішках (цяпер у межах гораду). Таксама працаваў у Беларускім кааператыўным банку.

Выкладаў Закон Божы ў Віленскай беларускай гімназіі. Браў актыўны ўдзел у беларускім нацыянальным руху, выступаў за беларусізацыю Праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі. Выступаў у друку з артыкуламі па пытаннях беларусізацыі праваслаўнай царквы, аднаўлення беларускай дзяржаўнасці. Цесна супрацаваў з Беларускай сялянска-работніцкай Грамадой. У студзені 1927 года арыштаваны польскімі ўладамі разам з іншымі дзеячамі Грамады. Некаторы час сядзеў у віленскай турме Лукішкі, затым разам з астатнімі дзеячамі БСРГ быў этапаваны ўглыб Польшчы – у турму гораду Вронкі. У 1928 годзе апраўданы.

У 1928-29 гадах – рэдактар-выдавец царкоўна-грамадскага часопісу “Беларуская зарніца” (усяго выйшла 13 нумароў), кіраўнік секцыі Чырвонага Крыжа пры Беларускім цэнтры. Быў сябрам Таварыства Беларускай Школы, Беларускага настаўніцкага саюзу. Служыў у Пятніцкай віленскай царкве, дзякуючы яго высілкам храм быў адноўлены і на некалькі гадоў стаў фактычна адзіным месцам ва ўсёй Польшчы, дзе можна было пачуць беларускамоўную службу і казанні. За ўдзел у нацыянальна-вызвольным руху Коўш пазбаўлены ўладамі месца настаяцеля Пятніцкай царквы ў Вільні. Епархіяльным кіраўніцтвам высланы ў вёску Ласіца (цяпер Пастаўскі р-н). Стварыў там царкоўны беларускамоўны хор. Пасля быў зноў высланы, з 1937-га працаваў святаром у вёсцы Кастыкі (цяпер Вялейскі р-н).

Царква ў Кастыках

У 1939 годзе Коўш вярнуўся ў Вільню, быў настаяцелем царквы Святога Мікалая.

Мікалаеўская царква ў Вільні

У 1940-41 гг. працаваў галоўным бухгалтарам Літоўскага дзяржаўнага банку У 1941 годзе прызначаны ў выдавецкую камісію пры мінскім архірэі. Служыў святаром у Плешчаніцах (Лагойскі р-н). Таемна хрысціў і вянчаў габрэйскую моладзь. У 1943 годзе за спрыянне выратаванню габрэйскага насельніцтва арыштаваны гестапам ў Плешчаніцах і расстраляны. Паводле іншай версіі забіты раней літоўскімі паліцыянтамі ў 1941 годзе ў вёсцы Ласіца.

Справу бацькі прадоўжылі дзеці – сын Святаслаў стаў ведамым беларускім праваслаўным святаром, дачка Зоя была актыўнай удзельніцай беларускага руху, уваходзіла ў Беларускі студэнцкі саюз.  

Пасля вайны ў асяроддзі беларускай эміграцыі ўзнікла іншая версія гібелі Аляксандра Каўша. Гісторык Іван Касяк і сын Святаслаў Коўш выкажуць думку, што прычынай забойства быў правакацыйны данос, створаны антыбеларускімі сіламі яшчэ ў Вільні і перададзены немцам. Верагодна, да гэтага даносу прыклаў руку Радаслаў Астроўскі, былы сябра Каўша.

Месца пахавання Аляксандра Каўша невядомае. Яго памяць не ўшанаваная ніяк.