Намаганьні па вызваленьні беларускіх палітвязьняў, у тым ліку Анджэя Пачобута, вядуцца ішым шляхам, мы дамагаемся гэтага кожны дзень, цытуе кіраўніка МЗС Польшчы Радослава Сікорскага TVN24.

Міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі 2 жніўня адказаў на пытаньне, чаму падчас учорашняга абмену зьняволенымі паміж Захадам і Расеяй ня вызвалілі беларускага палітвязьня Анджэя Пачобута.

«Я хацеў бы запэўніць вас, што працэдуры вызваленьня іншых палітвязьняў, беларускіх палітвязьняў, у тым ліку Анджэя Пачобута, ідуць іншым шляхам, — заявіў Сікорскі. — Гэта ў маіх думках кожны дзень».

Пра дэталі апэрацыі па абмене палоннымі, у тым ліку пра перадачу агента ГРУ Паўла Рубцова, Сікорскі гаварыць не захацеў, у гэтым пытаньні ён адаслаў журналістаў да спэцслужбаў і пракуратуры.