Вайсковец, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху Рамуальд Траўгут нарадзіўся 16 студзеня 1826 года ў маёнтку Шастакова (цяпер вёска ў Камянецкім раёне).

Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. З 1845 года служыў у расейскай арміі, удзельнік Крымскай вайны (1853—1856). У 1862 годзе, у чыне падпалкоўніка, пайшоў у адстаўку. Жыў у маёнтку Востраў на Кобрыншчыне, займаўся гаспадаркай.

Пасля пачатку паўстання, у красавіку 1863 году, сфармаваў і ўзначаліў Кобрынскі паўстанцкі атрад. У баях каля вёскі Горкі тройчы разграміў расейскія карныя атрады. У чэрвені 1863 года з Берасцейскім атрадам Яна Ваньковіча зрабіў рэйд па Піншчыне і Паўночнай Валыні, але атрад Траўгута зазнаў значныя страты, і ў ліпені 1863 года з дапамогай Элізы Ажэшкі Рамуальд Траўгут таемна выехаў у Варшаву. Атрымаў чын генерала, быў прадстаўніком паўстанцкіх уладаў за мяжой. У кастрычніку 1863 кіраўнік Нацыянальнага ўрада ў Варшаве і фактычна дыктатар паўстання. Шмат зрабіў дзеля пашырэння сацыяльнай базы паўстання, надання яму новага размаху, рэарганізацыі ўзброеных сіл інсургентаў.

Арыштаваны 30 сакавіка 1864 году. Паводле прыгавору ваеннага суда павешаны расейскімі акупантамі ў Варшаўскай цытадэлі 5 жніўня.

У 1928 годзе ў мястэчку Свіслач усталяваны помнік Рамуальду Траўгуту, адноўлены ў 1989 годзе.