Ад палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына зноў перасталі прыходзіць лісты. Жонка журналіста-расследвальніка Вольга Івашына мяркуе, што Дзяніс мог зноў апынуцца ў ШІЗА. Яна дзеліцца чатырохрадкоўем-вершам, які даслаў раней Дзяніс са зняволення і падкрэслівае характар свайго мужа:

“Ён ня ўмее спыняцца, калі лічыць, што робіць штосьці важнае. Нават калі ня бачыць вынікаў, ён утрапёна будзе працягваць працу, маючы веру і адчуваньне ўласнае місыі. Самаахвярная адданасьць і непахісная вера – бадай, адметныя рысы характару Дзяніса. Гэта, аднак, ня значыць, што ён здольны на бяздумнае ахвяраваньне сабою. Наадварот, найперш для яго важная эфэктыўнасьць, ці будзе сэнс у тым, каб пакутаваць:

“Не спыняцца, не наракаць – але рушыць наперад,

Не зьнявервацца, не галасіць – але натхненьнем жыць,

Не сумнявацца, не адступаць – але на стромкі ўзьбірацца бераг,

Не дагаджаць, не задкаваць – але свабодным быць”.