За першыя шэсць месяцаў 2024 года Польшча адмовіла ва ўездзе 882 грамадзянам Беларусі.

Па гэтым паказніку нашыя суайчыннікі на другім месцы пасля грамадзянаў Украіны (6622) і ў два разы апярэджваюць грамадзянаў Грузіі (427) і Малдовы (403), якія ў статыстыцы польскай Памежнай службы займаюць трэцяе і чацвёртае месцы.

Самая частая прычына адмоваў — брак дакументаў, якія б пацвярджалі мэту паездкі. На другім месцы — брак візы. На трэцім — “іншыя прычыны”.

Колькасць адмоваў ва ўездзе складае прыкладна 0,13%. Агулам за паўгода ў Польшчу прыехаў 611 301 грамадзянін Беларусі.

Гэта амаль у сем разоў болей, чым грамадзян Польшчы, якія за той жа час наведалі Беларусь. Калі верыць Памежнаму камітэту РБ, за студзень-чэрвень 2024 года “бязвізам” скарысталіся 87 849 асобаў з польскім пашпартам.