
У Беластоку ўвечары 9 жніўня беларусы сабраліся на цэнтральным Рынку Касцюшкі, каб прыгадаць падзеі жнівеньскай чатырохгадовай даўніны, калі адбыліся так званыя “прэзідэнцкія выбары”. У 2020 годзе па ўсёй Беларусі пракацілася магутная хваля народных пратэстаў.
Мітынг у Беластоку сабраў каля 300 чалавек. Выступілі прадстаўнікі беларускай дыяспары Ян Абадоўскі, Кацярына Ваданосава, Рэгіна Лавор, прадстаўнік беларусаў Падляшша Павел Станкевіч і прадстаўнік украінскай дыяспары Антон Галавач.
Выступоўцы згадвалі жнівеньскія падзеі 2020 года, заклікалі мацаваць салідарнасць і працягваць змаганне за вызваленне Беларусі ад лукашэнкаўскага рэжыму і расейскай акупацыі.
У цэнтры Беластоку гучаў гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, пасля мітынгу песні разам з дачкой Стэфай выконвала Кацярына Ваданосава.


















