12 жніўня ў Беларусі Лукашэнка зрабіў сярод чыноўнікаў досыць шмат кадравых прызначэнняў. У ліку іншых прызначаны новы старшыня Ваўкавыскага райвыканкаму. Ім зараз стаў небезвядомы Дзмітрый Захарчук, кар’ера якога апошні год імкліва расла.

Напомнім, што перад гэтым Захарчук узначальваў Воранаўскі райвыканкам і на апошніх “выбарах” у Палату прадстаўнікоў стаў “членом Совета Республики” ад Воранаўскага, Ашмянскага і Івейскага раёнаў.

Захарчук нарадзіўся ў Наваградку ў 1987 годзе, скончыў Гарадзенскі аграрны ўніверсітэт, а пасля – Акадэмію пры Лукашэнку. Працаваў на розных пасадах у Смаргонскім, Астравецкім, Бераставіцкім раёнах. У Ваўкавыску ён раней таксама працаваў – дырэктарам філіяла “Агракомплекс “Шылавічы” ААТ “«Агракамбінат «Скідзельскі» Ваўкавыскага раёну, потым – першым намеснікам старшыні – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ваўкавыскага райвыканкаму (з 2017-га па 2021 год), пасля – пайшоў на падвышэнне і зараз зноў вярнуўся ў Ваўкавыск на пасаду галоўнага чыноўніка раёну.

Неўзабаве старшыня аблыканкаму Каранік павінен “прадставіць” Захарчука ваўкавыскай наменклатуры.

Куды адправяць ранейшага старшыню Ваўкавыскага райвыканкаму – Міхаіла Сіцько, які яшчэ 10 жніўня праводзіў “прамую лінію”, – пакуль невядома. Хто ўзначаліць Воранаўскі райвыканкам – пакуль таксама пытанне.