
19 жніўня ў Гародні абвешчаны дзень вялікага судзілішча. Гэта вынікае з раскладу судовых паседжанняў.
А 10-й гадзіне суддзя абласнога суду Аляксандр Козел пачне “разглядаць” крымінальную справу супраць Вадзіма Саранчукова. Яму інкрымінуюць ч.1, ч.2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі – «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Так званую “спецвытворчасць” супраць выканаўцы абавязкаў старшыні Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова пачалі яшчэ ў сакавіку бягучага году. Пры тым арышт наклалі на ягоную кватэру ў Гародні, на дом і ўчастак зямлі ў вёсцы Грабяні пад Гародняй, а таксама на бэнзапілу, матаблёк, лядоўню, пральную машыну, тэлевізар. Ён ня можа прадаць або падарыць гэтую маёмасьць.
А 14-й гадзіне прадоўжыцца разгляд (ён пачаўся 5 жніўня) крымінальнай справы ў дачыненні Надзеі Сцепанцовай і Жанны Захаркевіч. Іх абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Справу завочна разглядае суддзя Юрый Казакевіч.
Перад гэтым супраць сёстраў пачалі так званую спецвытворчасць. Напомнім, што ў 2021-ым годзе абедзвюх гарадзенак засудзілі да «хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасня 2020 году ў Гародні. Пасля прысуду яны вырашылі выязджаць з краіны. На маёмасць Захаркевіч і Сцепанцовай таксама накладзены арышт.
А на 16.00 прызначаны далейшы разгляд завочнай крымінальнай справы супраць журналіста і грамадскага актывіста Уладзіміра Хільмановіча. Працэс вядзе суддзя Гарадзенскага абласнога суду Ігар Собалеў. Па ўсёй верагоднасці ў гэты дзень будзе ўжо абвешчаны прысуд.
Публіцыста абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) і ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Але фармальная сутнасць абвінавачвання дагэтуль невядомая. Уладзімір Хільмановіч ужо больш трох гадоў не пражывае ў Беларусі. Крымінальную справу супраць яго пачалі ў лістападзе 2023 года. На ўсю маёмасць журналіста накладзены арышт.
На гэты дзень прызначаны яшчэ адзін крымінальны працэс. У 11.00 Валерый Раманоўскі будзе разглядаць крымінальную справу супраць Наталлі Жыгар. Яе вінавацяць паводле часткі 1 артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі – «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»
