Санкцыі ў дачыненні да расейскіх рэсурсаў RT і Sputnik былі ўведзеныя пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну. Але прапагандысцкія медыя працягваюць актыўна працаваць у інтэрнэце — Еўрарадыё расказвала пра тое, што іх шкодныя наратывы дасягаюць значнай аўдыторыі. Ці сочыць за гэтым Еўразвяз і якія крокі плануе зрабіць у адказ?

Санкцыі мусяць выконвацца

Для пачатку Еўразвяз цалкам адназначна ацэньвае Расею як гульца на медыяполі.

“Расея вядзе сістэматычную міжнародную кампанію па маніпуляцыі СМІ і інфармацыяй, умяшанні і сур’ёзным скажэнні фактаў з мэтай апраўдаць і падтрымаць сваю поўнамаштабную агрэсіўную вайну супраць Украіны, а таксама ўзмацніць сваю стратэгію дэстабілізацыі суседніх краін, ЕС і яго дзяржаў-чальцоў”, — адзначае ў каментары Еўрарадыё прэс-сакратар Еўрасаюза па палітыцы і бяспецы Петэр Стана.

У ЕС адзначаюць, што роля прапагандысцкіх каналаў важная ў прасоўванні агрэсіўнай вайны і дэстабілізацыі суседніх краін. Краіны-чальцы ЕС павінныя забяспечваць выкананне санкцый супраць іх. Як гэта рабіць — вызначае Еўракамісія. Стана кажа, што рэкамендацыі працягваюць абнаўляцца.

Ці магчымыя санкцыі ў дачыненні да беларускага “Спутника”?

Нават калі RT і “Спутники” на еўрапейскіх мовах былі недаступныя на тэрыторыі ЕС, беларуская “дачка” расійскай машыны прапаганды спакойна адкрывалася. Акрамя працы на аўдыторыю ў Беларусі яна дапамагае распаўсюджваць прапаганду сярод рускамоўных жыхароў ЕС.

Еўрарадыё спытала ў прадстаўніка Еўрасаюза пра магчымасць дадатковых санкцый супраць гэтага выдання.

“Мы па-ранейшаму гатовыя прапанаваць далейшыя жорсткія меры, калі прэзідэнт Пуцін не спыніць і не паверне назад уварванне. Мы поўныя рашучасці і адзіныя.

Аднак мы не спекулюем на будучых санкцыях. Усе рашэнні пра санкцыі прымаюцца аднагалосна дзяржавамі-чальцамі ў Савеце па сумеснай прапанове Вярхоўнага прадстаўніка Саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі і Камісіі.

Як правіла, мы не каментуем патэнцыйных або цяперашніх абмеркаванняў санкцый у Савеце, яны ўнутраныя і канфідэнцыйныя, і мы не спекулюем на магчымым будучым развіцці падзей. Мы належным чынам абвяшчаем пра меры пасля іх прыняцця”, — адказвае Петэр Стана.

Прапаганды не мусіць быць у пошуку

Нягледзячы на абмежаванні, расійская прапаганда застаецца на топавых пазіцыях у заходніх платформах, найперш у Google. Але так быць не мусіць, адзначае прадстаўнік Еўрасаюза.

Петэр Стана нагадвае, што санкцыі ахопліваюць “усе сродкі перадачы і распаўсюду”:

“Увядзенне забароны на вяшчальную дзейнасць прапагандысцкіх СМІ, якія знаходзяцца пад пастаянным непасрэдным або ўскосным кантролем кіраўніцтва Расіі, мусіць прывесці да выключэння гэтых вынікаў з пошукавых сістэм, што дасць дадатковую бачнасць СМІ, якія не пад санкцыямі”.

Адначасова, кажа суразмоўца, Еўрасаюз падтрымлівае шэраг ініцыятываў па развіцці незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і Расіі. Гэта мае дапамагчы ўмацаваць сумленныя крыніцы інфармацыі.

“Барацьба з дэзінфармацыяй і падтрымка свабоды СМІ — гэта два бакі аднаго медаля”, — рэзюмуе Стана.