
У Расеі спынілі справу за напіс “Жыве Беларусь” на карціне “Фестываль”. Раённы суд Санкт-Пецярбургу спыніў вядзенне справы ў дачыненні да музея «Эрарта» з прычыны заканчэння тэрміну даўнасці прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, паведамілі РБК у аб’яднанай прэс-службе судоў гораду.
Музей сучаснага мастацтва «Эрарта» ў Санкт-Пецярбургу вінавацілі ў прапагандзе і публічным дэманстраванні нацысцкай сімволікі з-за карціны гарадзенскага беларускага мастака Сяргея Грыневіча.
На карціне намаляваныя людзі, якія танчаць у народных строях на сцэне, перад якой стаяць падобныя да целаахоўнікаў мужчыны ў чорным адзеньні. Як мяркуецца, напіс — частка экспазыцыі.
На музей быў складзены адміністрацыйны пратакол, матэрыялы справы былі перададзены ў Васілевостраўскі раённы суд Пецярбурга. Музею пагражаў штраф да 50 тысяч расейскіх рублёў (каля 1800 беларускіх).
