22 жніўня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні прадоўжыцца палітычны карны судовы працэс паводле артыкулу 342, частка 1 Крымінальнага кодэксу РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што моцна парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). 

На лаве падсудных ажно чатырох чалавек:

Дзмітрый Лях, Ігар Чудзілоўскі, Аляксей Грэсь і Аляксандр Клунейка.

Першае паседжанне прайшло яшчэ 31 траўня, такім чынам працэс доўжыцца ўжо амаль тры месяцы. Працэс на пачатку вёў суддзя Уладзімір Пазняк, потым яго перадалі Ігару Собалеву, які і абвесціць палітычны карны прысуд. 

Ігар Собалеў толькі ў 2022 годзе быў пераведзены на працу з Шчучынскага раённага суду ў Гародню ў абласны суд. Ён рэдка вядзе палітычныя крымінальныя справы, але вядомы надзвычай жорсткімі прысудамі. Так у студзені 2023 году ён засудзіў Іллю Краўчэўскага на восем гадоў і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма; у ліпені 2022 году мазырца Яўгена Збароўскага – да пазбаўлення волі тэрмінам на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму; у лютым 2023 году – смаргонскага лекара Яўгена Бужынскага – да 6 гадоў калоніі. А днямі Собалеў завочна прысудзіў 5 гадоў калоніі строгага рэжыму журналісту і праваабаронцу Уладзіміру Хільмановічу.