
Еўразвяз выступіў з заяваю з нагоды вызвалення невялікай часткі палітвязняў у Беларусі
«Еўразвяз прымае да ўвагі вызваленне ў Беларусі некалькіх палітвязняў, асуджаных за ўдзел у мірных акцыях пратэсту пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Мы падзяляем палёгку і радасць вызваленых людзей і іх сем’яў.
Мы таксама прымаем да ўвагі той факт, што некаторыя з вызваленых былі зняволенымі, якія патрабуюць тэрміновай медыцынскай дапамогі, і заклікаем улады забяспечыць усім зняволеным належную медыцынскую дапамогу».
Еўразвяз працягвае заклікаць ўлады Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных, якія часта знаходзяцца ў небяспечных для жыцця ўмовах.
«У Беларусі застаюцца больш за 1300 палітвязняў, у тым ліку Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Марыя Калеснікава, Мікалай Статкевіч, Максім Знак і Віктар Бабарыка, якія ўжо больш за 18 месяцаў пазбаўленыя магчымасці камунікацыі са знешнім светам».
