
Прадстаўнікі пракуратуры працягваюць наведваць дзіцячыя аздараўленчыя лагеры, каб пагаварыць пра справу “генацыду насельніцтва Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд”. У Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці памочніца пракурора Ганна Стралец пабывала ў лагеры “Голубая волна”. Як піша раённая газета “Праца”, яна асабліва падкрэслівала, колькі яе калегі ўжо дапыталі па справе людзей — больш за 18 тысяч сведкаў (!). А сярод іх 8 тысяч былых вязняў канцлагераў і лагераў смерці. Гэта падаецца, як вялікае дасягненне людзей у пагонах.
Для кожнага, хто хоць калі займаўся нейкімі апытаннямі зразумела, што гэтыя вялізныя лічбы апытаных узятыя, як кажуць, “са столі”. Але пракурорскія работнікі, якія пераўтварыліся ў дзяржаўных прапагандыстаў, не міргнуўшы вокам, працягваюць ідэалагічныя наратывы.

Ганна Стралец асабліва актыўная ў розных ідэалагічных мерапрыемствах. Раней мы расказвалі як яна заклікала змагацца з “экстрэмізмам”.

