У Гародні 26 жніўня працягваюць судзіць былога дырэктара Бярозаўскага шклозаводу Нёман Ігара Бацяна.

Ігар Бацян больш за 12 гадоў узначальваў шклозавод «Нёман». Менавіта пры яго кіраванні звальнялі з працы вядомых грамадскіх актывістаў, у тым ліку Сяргея Пантуса.

Пасля вызвалення з пасады Бацян сышоў у кіраўніцтва дзіцяча-юнацкім хакеем Беларусі, а пасля апынуўся ў цені. Цяпер стала вядома, што Бацян у СІЗА, прычым артыкул — палітычны, хоць мужчына не быў заўважаны ніякім праявамі апазіцыйнасці ці ўдзелу ў дэмакратычным руху.

У 2020-м Бацян публічна ніяк сябе не праявіў. 16 жніўня, у дзень найбольш масавых у гісторыі сучаснай Беларусі пратэстаў, ягоны тэлеграм-акаўнт уступіў у вялікую суполку ябацек «За Беларусь!», але нічога не пісаў. Магчыма, яго туды проста запрасілі — туды закінулі некалькі тысяч функцыянераў за адзін дзень, дакладна па разнарадцы зверху.

Вядзе працэс над Ігарам Бацянам у Гарадзенскім абласным судзе небезвядомы Руслан Гурын.