
Беларускі паэт і пісьменнік Сяргей Новік-Пяюн нарадзіўся 27 жніўня 1906 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Лявонавічы Слуцкага павету (цяпер Нясьвіжскі раён). У 1918-24 гадах вучыўся ў Нясвіжскай гімназіі, браў удзел у скаўцкім руху. У 1925-26 гадах вучыўся на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні. У 1926 годзе стварыў у роднай вёсцы хор (з 1963-га – народны) і тэатр. Арганізаваў гурток Таварыства Беларускай Школы, беларускую бібліятэку і тайныя школы ў Лявонавічах і наваколлі, за што ў 1926 годзе быў высланы тагачаснымі польскімі ўладамі ў Свеце над Віслай. Адбыў 5-гадовую ссылку на Памор’і. У 1927-31 гадах Новік-Пяюн – супрацоўнік віленскага часопісу для дзяцей «Заранка». Пасля вяртання ў родныя мясціны ў 1931 годзе зноў арыштаваны і высланы пад нагляд паліцыі ў Слонім. Разам з жонкай Людмілай у 1938-39 гадах выдаваў польскамоўную газету «Gazeta Slonimska». Чарговы раз арыштаваны ў сакавіку 1939 года, пасля чаго зняволены ў турме ў Баранавічах. Вызвалены пасля прыходу Чырвонай Арміі.

Сяргей Новік-Пяюн, 1939 год
У 1939-40 гадах літаратар працаваў у сістэме народнай адукацыі, потым дырэктарам Слонімскага раённага краязнаўчага музея. У чэрвені 1941 года выратаваў экспанаты музея разам з Язэпам Стаброўскім, схаваўшы іх на ўскраіне горада. У вайну падтрымліваў сувязі з савецкімі партызанамі. У 1943 годзе арыштаваны гітлераўскай СД, пасля чаго адпраўлены ў канцлагер смерці Калдычава. 4 ліпеня 1944 года ў час расстрэлу групы вязняў (600 чалавек) паранены, прыкінуўся мёртвым, што яго і выратавала. Пасля вызвалення Слоніма працаваў дырэктарам Слонімскага гістарычна-краязнаўчага музея.
14 снежня 1944 года Сяргея Новіка-Пеюна арыштавалі органы НКВД. 24 сакавіка 1945 года ваенным трыбуналам яго асудзілі за «здраду радзіме» на 10 гадоў пазбаўлення волі і адправілі ў савецкі канцлагер на Калыму. Працаваў у капальнях, на лесапавале, здабываў золата. Пазней ва Усць-Неры працаваў рэгістратарам у шпіталі. Вызвалены і рэабілітаваны ў перыяд з 5.11.1958 да 18.12.1958 года. Асабовая справа Сяргея Новіка-Пяюна з фотаздымкам захоўваецца ў архіве УКГБ Гродзенскай вобласці.
У 1959 годзе літаратар вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Слоніме і Нясвіжы, з 1960 года – у Мінску. Сябра Саюзу пісьменнікаў Беларусі з 1984 года. Як паэт дэбютаваў вершам «Не бядуй» у часопісе «Студэнцкая думка» (№ 4, 1925 год). Пісаў на беларускай, рускай, польскай мовах і на эсперанта. З 1960-ых гадоў выступаў у агульнабеларускім друку. Аўтар зборнікаў вершаў «Заўсёды з песняй» (1984 год), «Песні з-за кратаў» (1993 год). Некаторыя песні на словы Новік-Пяюна лічацца народнымі, найбольш вядомыя з іх «Зорачкі» і «Над Шчарай» («Слонімскі вальс»). Выкарыстоўваў таксама псеўданімы: Алесь Бярозка, С.Каліноўскі; Малады Дзядок; Сяргей Пяюн; С. Стапанчык; Н.Сяргееў; Od naszego morza; Dziecko Pomorza; Gіos Њwiecki; Krasnoludek; Krasnoludek z Borуw Tucholskich; Stary Dziadok. Апошні з вядомых ягоных аўтографаў – кніга «Песні з-за кратаў» (1993 год), падпісаная ў красавіку 1994 года (за некалькі месяцаў да смерці) літаратару і адраджэнцу скаўтынгу ў Беларусі Алегу Грушэцкаму.
Памёр Сяргей Новік-Пяюн 26 чэрвеня 1994 года ў Менску, яму было 87 гадоў. Пахаваны на могілках у роднай вёсцы Лявонавічы. У 2006 годзе ў серыі «Беларускі музычны архіў» выйшаў музычны альбом «Дні лятуць. Песні з-за кратаў» прысвечаны 100-годдзю нараджэння літаратара.
